Светлая радасць веры: працэсія Божага Цела і гадавіна прыняцця Першай Камуніі ў Параф’янаве | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.06.2015 11:09

7 чэрвеня ў парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф’янаве (Віцебская дыяцэзія) прайшло ўрачыстае набажэнства і працэсія Божага Цела. Таксама ў гэты дзень у парафіі адзначалася гадавіна прыняцця дзецьмі Першай святой Камуніі.

Дзеці адчувалі сябе шчаслівымі ад таго, што ім было даверана шмат адказных спраў: чытанне Евангелля, спяванне псальмаў, прынясенне дароў да алтара.

Урачыстасць адчувалася ў шчырых віншаваннях і словах падзякі, у белых першакамунійных свечках у руках дзяцей, у безлічы кветак, пераважна белага колеру – сімвалу чысціні.

Прайшоў год з таго часу, як маленькія парафіяне ўпершыню прынялі ў свае сэрцы Бога, і ў гэты дзень яны маглі нанова перажыць тую радасную падзею. Светлая радасць веры і яднання ў супольнай малітве адчувалася на працягу ўсёй святой Імшы.

Падчас эўхарыстычнай працэсіі на ўшанаванне Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста парафіяне з глыбокай верай і пабожнасцю перажывалі таямніцу вялікага і найдаражэйшага дару - Езуса Эўхарыстычнага.

Заканчэннем парафіяльнай урачыстасці стаў салодкі стол.

Марыя Ючкавіч

 
© 2003-2025 Catholic.by