У Віцебску прэзентавалі выставу сучасных абразоў | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
11.06.2015 12:47

Выстава «Святочныя абразы» па выніках міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Польшчы была прэзентавана ў віцебскай Ратушы 10 чэрвеня.

Пра гэта паведамляе БЕЛТА.

У экспазіцыі амаль 40 работ беларускіх, украінскіх і польскіх мастакоў, якія працуюць у розных тэхніках, у тым ліку наіўнага народнага мастацтва і абстракцыянізму. На выставе прадстаўлена частка творчых вынікаў майстар-класаў жывапісцаў, якія працягваюць у сучасным мастацтве традыцыі іканапісу.

Традыцыя правядзення ў Польшчы іканапісных майстар-класаў бярэ свой пачатак з 2009 года. Штогод восенню ў горадзе Новіца сустракаюцца мастакі з Польшчы, Украіны і Славакіі. Беларускія іканапісцы ўдзельнічаюць у міжнародным праекце з 2011 года. Польскія творчыя сустрэчы прысвечаны галоўным іконаграфічным тэмам, у тым ліку паказу вобразаў Багародзіцы, Хрыста, прарокаў і анёлаў. Работу майстроў (прадстаўнікоў усходняй і заходняй традыцый) суправаджаюць канферэнцыі і дыскусіі, у якіх удзельнічаюць вядомыя мастацтвазнаўцы і тэолагі.

Усяго ў майстар-класах прынялі ўдзел больш за 50 мастакоў, а створаныя ў горадзе Новіца работы ўбачылі ўжо звыш 15 тыс. чалавек.

Арганізатары выстаўкі «Святочныя абразы» — Польскі інстытут у Мінску і Віцебскі абласны краязнаўчы музей.

Абразы будуць знаходзіцца ў Віцебску да канца месяца.

Святочныя абразы — гэта абразы з выявамі найважнейшых хрысціянскіх святаў.

(AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by