«Канікулы з Богам 2015» у Докшыцах сабралі больш за 100 удзельнікаў | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.06.2015 15:07

На «Канікулах з Богам — 2015», якія праходзілі з 10 па 20 чэрвеня ў Докшыцах, прысутнічала больш за 100 дзяцей.

Дзеці парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах на пытанне, якім чынам можна выдатна правесці канікулы, у адзін голас гучна даюць адказ: «З Богам!» Мясцовыя сёстры адараторкі Крыві Хрыста і браты капуцыны стварылі ўсе ўмовы для гэтага, і «Канікулы з Богам 2015» сабралі даволі вялікую колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак: агульны спіс удзельнікаў перакрочыў за 100 чалавек.

Дзеці былі ў асноўным мясцовыя, але былі і госці з Віцебска, Мінска, Барысава, Бягомля, Бярозаўкі, Ваўкалаты. Акрамя братоў і сясцёр назіралі за імі і аніматары — старэйшыя хлопцы і дзяўчаты з Докшыц, Маладзечна, Слоніма, Гродна і Мінска, якія не давалі дзецям сумаваць.


«Жывеш толькі раз — жыві як святы!» — такі дэвіз абрала сабе ўся супольнасць «Канікул». Агульная тэма дзіцячых рэкалекцый — тэма святасці — была даволі цікавай як для дзяцей, так і для дарослых. Дзеці вучыліся жыць па прыкладах Францішка Асізскага, Антонія Падуанскага, Маці Тэрэзы, Станіслава Косткі, Марыі дэ Маціяс, Яна Боско, Дамініка Савіо і дзяцей з Фацімы, пра якіх у сваіх канферэнцыях распавядалі а. Віталь Юркевіч OFMCap, cястра Надзея і аніматары.

Шэсць групак, на якія дзеці былі падзелены ў першы дзень, выбралі сабе па аднаму святому ў якасці апекуна.

У апошні ж дзень дзеці ўдзельнічалі ў цікавай гульні, падрыхтаванай для іх дарослымі: шэсць святых павінны былі прывесці кожную групку да скарбу з падарункамі.

Такая форма гульні яшчэ раз прымусіла дзяцей прыгадаць жыццё кожнага святога, каб той дапамог ім у шляху да падарункаў. Апроч усяго іншага, дзеці мелі яшчэ і выезд у г. Нарач і Мядзел на возера Белае, якое прыйшлося даспадобы ўсім.

Трэба зазначыць, што гэтыя «Канікулы» былі ўнікальнымі ці нават пераломнымі ў нейкім сэнсе, бо вельмі многія ідэі былі проста наватарскімі, і было невядома, як усё пойдзе на справе, — аднак усё ўдалося.

Арганізатары спадзяюцца, што і ў наступным годзе ўсё пройдзе на такім жа высокім узроўні, і кажуць: «Няхай Божа нам дапаможа!»

Уладзіслаў Труханаў, аніматар з Докшыц

 
© 2003-2025 Catholic.by