Музей сучаснага мастацтва паўстае ў кляштары ў Друі | | Друк | |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
14.07.2015 14:37 |
Пасля ад’езду мастакоў у кляштары застаюцца некалькі дзясяткаў жывапісных палотнаў і акварэляў. Нягледзячы на тое, што мастакі, згодна папярэдняй дамове, меліся пакінуць для будучага кляштарнага музея адно палатно, практычна ўсе яны ахвяравалі кляштару па некалькі – найлепшых – працаў. Мастак Віталь Друй цягам тыдня, праведзенага ў кляштары, стварыў тры працы, якія застануцца ў друйскіх мурах, папоўніўшы калекцыю пробашча парафіі: раней кс. Сурыновіч ужо меў некалькі палотнаў гэтага творцы з краявідамі Друі.
Уладзіслаў Пятручык. Калекцыю музея, стварэнне якога – у планах святара, папоўняць працы мэтраў, Дзмітрыя Сурыновіча і Алеся Сушы, карыфеяў айчыннага жывапісу. Творы гэтых аўтараў знаходзяцца ў калекцыях еўрапейскіх краін, у зборах Нацыянальнага мастацкага музея і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Цяпер яны ёсць і ў друйскай калекцыі.
Апроч таго, у Друі застануцца некалі абстракцыянісцкіх палотнаў Кацярыны Сумаравай, акварэлі Наталлі Гудковай, а таксама жывапісныя працы Вольгі Куваевай, якія выклікаюць асацыяцыі з шэдэўрамі Фердынанда Рушчыца. Яскравы ўнёсак у будучую друйскую карцінную галерэю зрабілі Кацярына Говэн, Уладзіслаў Пятручык, Алена Ігнац’ева, Таццяна Уласевіч, Крысціна Шчарбакова, Кацярына Мяснікова. Мультыплікатар Галіна Раманава разам з Кацярынай Сумаравай падтрымалі цудоўную ініцыятыву педагогаў мясцовай школы, якія прывялі сваіх выхаванцаў у кляштар – знаёміцца з мастакамі і іх творчасцю. Менавіта абстрактныя палотны найбольш кранулі дзяцей, якія з лёгкасцю пабачылі ў іх незвычайнае адлюстраванне з дзяцінства знаёмых краявідаў. Кацярына Сумарава. “Адной з мэтаў пленэру ў Друі з'яўляецца спрыянне і нават прымус мастакоў да самараскрыцця ў поўнай свабодзе іх творчых памкненняў і самавыяўлення. Бог, Творца ўсяго, адорвае чалавека вольнай воляй, якую непарушна зберагае і дазірае, залучаючы чалавека ў пошуку творчых памкненняў і іх рэалізацыі ў супольнікі містэрыі акту стварэння”, – кажа кс. Сяргей Сурыновіч. Уражвае і глыбіня разумення створаных палотнаў мясцовымі жыхарамі, якія сталі гледачамі выставы пасля нядзельнай святой Імшы, разбураючы стэрэатып аб тым, што людзі простай штодзённай працы няздольныя да трапяткога спасціжэння творчага. Кацярына Говен. Спрыяльна паставіліся мясцовыя жыхары і да сустрэчы з друкаваным словам – шмат хто з вернікаў з задавальненнем купляў асобнікі часопіса, у якім надрукаваны вершы іх святара. На сустрэчу з мінскімі літаратарамі прыехалі вернікі таксама і з навакольных мястэчак. Krynica.info (АлГ) |