Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі пачалася ў Браславе | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.07.2015 21:12

29 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе пачалася Х юбілейная сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі. На сустрэчы сабраліся маладыя людзі, законныя сёстры і святары з розных куткоў Беларусі.

Спачатку моладзь чакаў супольны пасілак. Потым яе падзялілі на дзве групы: для старэйшай узроставай катэгорыі прамаўляе канферэнцыі а. Аляксандр Жарнасек МІС, а для малодшай (10-11 класы) — кс. Аляксей Асон.

Першая катэхeза пачалася малітвай, падчас якой а. Аляксандр Жарнасек прасіў благаслаўлення, каб удзельнікі сустрэчы пазналі Божую любоў, аб патрэбных ласках, каб Пан Бог адкрыў сэрцы маладых людзей, а таксама каб голас гэтага свету не заглушыў голас Пана.

У бліжэйшыя дні моладзь будзе разважаць над тэмай юбілейнай сустрэчы —“Паслухмяныя Богу”, над тым, як палюбіць Бога і быць паслухмяным Яму. Айцец Аляксандр Жарнасек заахвоціў, каб кожны найперш шукаў Бога, як мага болей пазнаваў Яго і каб моладзь заўсёды захоўвала Божае слова.

Асабліва кранулі маладых людзей словы: “Калі ў цябе праблемы з бацькам альбо цябе пакрыўдзіў духоўны кіраўнік, то табе цяжка будзе зразумець любоў Бога, як любячага Айца!”

На заканчэнне канферэнцыі прагучала малітва: “Дай мне паглядзець на грэшніка так, як Ты на яго глядзіш, дай мне бачыць свет Тваімі вачыма і любіць бліжняга Тваім сэрцам”.

Першы дзень завяршыўся канцэртам мясцовага парафіяльнага гурта “Alis Angeli”, падчас якога моладзь праслаўляла Пана спевамі.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

 

Фота catholicnews.by

 
© 2003-2025 Catholic.by