Пра “грахі старэйшага і малодшага сыноў” разважала моладзь на дыяцэзіяльнай сустрэчы ў Браславе | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
31.07.2015 10:07

У санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе праходзіць сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Адкрыццё сустрэчы адбылося 29 ліпеня. Другі дзень сустрэчы пачаўся з малітвы.

Пасля малітвы моладзь раздзялілася на групы. Для старэйшай групы айцец Аляксандр Жарнасек МІС прамовіў катэхезу, пачатак якой быў напярэдадні.

Галоўнай тэмай катэхез святара, з якімі ён звярнуўся да моладзі, было “Што нам перашкаджае быць паслухмянымі Богу?”. Айцец Аляксандр Жарнасек адзначыў, што галоўнай перашкодай у тым, каб шанаваць Бога, з’яўляецца грэх. На прыкладзе прыпавесці пра міласэрнага айца (Евангелле паводле Лукі, 15-ы раздзел) святар разважаў аб грахах, якія назваў “грахамі малодшага сына”.

Першым такім грахом святар назваў грэх непрабачэння, затым грахі агульныя: чорная і белая магія, гаданне, вера ў гараскопы. Усё гэта, як дадаў святар, цяжкія грахі, якія разрываюць сувязь з Богам. Па словах а. Аляксандра Жарнасека, толькі пакора і паслухмянасць Пану можа ўратаваць ад акультызму; калі ж чалавек шукае дачынення з акультызмам, то толькі споведзь і адрачэнне ад зла дапамагае знішчыць гэтую сувязь са злом, якая разрывае сувязь з Богам.

Таксама, па словах святара, грахі сексуальныя і грахі святатацтва вельмі часта сустракаюцца. Людзі, якія прыступаюць да споведзі без сапраўднага пакаяння і цвёрдага намеру больш не грашыць, прымаюць Езуса ў святой Камуніі ў стане святатацтва, сказаў а. Аляксандр Жарнасек. Святар зачытаў Пасланне да Карынцянаў, звярнуўшы ўвагу, што ў ім гаворыцца, што той, хто нягодна прымае Хрыста, становіцца віноўнікам Яго смерці.

Грахі зайздрасці, карання, крытыкі святар назваў “грахамі старэйшага сына”, а акрамя таго падкрэсліў, што грэх адводзіць ад Божага Валадарства, бо з’яўляецца пракляццем, і што толькі граху трэба баяцца.

Адбылася таксама святая Імша, а завяршыўся другі дзень сустрэчы моладзі канцэртам евангелізацыйнага гурта “Рыбы”.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

 

Фота catholicnews.by

 
© 2003-2025 Catholic.by