Першая ў гісторыі Віцебскай дыяцэзіі Парафіяда дзяцей і моладзі пачалася ў Оршы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.08.2015 10:31

11 жніўня ў Оршы пачалася Парафіяда дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Радасць малітоўнай размовы з Богам, сяброўства і здаровага ладу жыцця з'ядналіся ў гэты дзень у адно.

Парафіяда пачалася з урачыстай святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У гаміліі біскуп зазначыў, што, распачынаючы гэтую парафіяду, удзельнікі ўзгадваюць імя заснавальніка, якім з’яўляецца кс. Юзаф Ёнец.


"Маладыя людзі часам лічаць, што Касцёл ад іх шмат патрабуе, і таму, як малодшы сын з Евангелля паводле Лукі, вельмі часта шукаюць вольнасці і жадаюць адарвацца ад Касцёла, — сказаў біскуп і дадаў: — Святы Францішак і святая Клара былі прыкладам чагосьці іншага, а менавіта паслухмянасці і даверу Богу. Святы Францішак казаў: "Бог мой і ўсё маё!" У ягоным жыцці галоўным быў заўсёды Бог, і толькі Яму ён давяраў і таму атрымаў так шмат".

Працягваючы сваю думку, віцебскі ардынарый зазначыў, што парафіяда - вельмі добры час, у якім ёсць магчымасць развіваць у сабе духоўнае і фізічнае, а таксама заклікаў усіх удзельнікаў падчас малітвы і спаборніцтва шукаць найперш Бога.

"Кожную чыннасць мы павінны развіваць ад малітвы!" – падкрэсліў іерарх.

Напрыканцы дня дзеці і моладзь разам з аніматарамі пабывалі на канцэрце. Шмат задавальнення прынёс удзельнікам першы вечар.


На сцэну запрасілі біскупа Віцебскага, які падзякаваў арганізатарам і ўдзяліў благаслаўленне.

Першы дзень парафіяды завяршыўся малітвай.

Тэкст і фота - Алёна Фянько. Поўны фотарэпартаж аўтара - на сайце Catholicnews.by.

 
© 2003-2025 Catholic.by