Парафіяльная ўрачыстасць адбылася ў міёрскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.08.2015 15:03

15 жніўня ў міёрскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка (Віцебская дыяцэзія) адбылася галоўная парафіяльная ўрачыстасць. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

На фэст сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але таксама вернікі, сёстры законныя і святары з іншых парафій. Найбольш прадстаўнічай была дэлегацыя сясцёр эўхарыстак з Друі.

У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на асобу Марыі як прыклад хрысціянскага жыцця. Іерарх адзначыў, што вялікая ласка быць узятай на неба з душой і целам была дадзена Марыі не толькі таму, што Яна Божая Маці, але і за сведчанне неадступнай веры ў Бога праз усё сваё жыццё.

Біскуп правёў паралелі паміж жыццём Марыі і сучасным жыццём, зрабіўшы выснову: каб дасягнуць Божага Валадарства, трэба навучыцца слухаць голас Бога і бязмежна давяраць Яму, будаваць адносіны з іншымі людзьмі на ўзор Марыі.

Напрыканцы Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Разам з парафіяльным хорам “Fiat” прысутныя праспявалі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым адбылася ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол касцёла.

Завяршылася Імша традыцыйным асвячэннем кветак і пладоў новага ўраджаю.

На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз прэлат Кшыштаф Мянкіна падзякаваў усім, хто прыняў удзел у свяце. Моладзь выказала ўдзячнасць біскупу Юрыю Касабуцкаму за цэлебрацыю святой Імшы і гамілію.

Біскуп, у сваю чаргу, падзякаваў усім прысутным вернікам, сёстрам законным і святарам за супольную малітву, пробашчу кс. Кшыштафу Мянкіну за запрашэнне на ўрачыстасць і гасцінны прыём, парафіяльнаму хору “Fiat” за спеў, а асаблівыя словы ўдзячнасці выказаў міністрантам, адзначыўшы высокі ўзровень выканання імі сваіх абавязкаў падчас літургіі.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

 

Фота catholicnews.by

 
© 2003-2025 Catholic.by