«Святло, якое перамяняе нас»: начная працэсія ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2015 02:45

Імшу апоўначы ўзначаліў Мітрапаліт Віленскі арцыбіскуп Гінтарас Грушас. Імшу канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDВ, шматлікія святары. 

Вітаючы літоўскага госця, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч нагадаў, што Мітрапаліт Гінтарас Грушас апякуецца так добра вядомым усім беларусам санктуарыем у Вострай Браме ў Вільнюсе. 

У 1993 годзе іерарх рыхтаваў візіт у Літву Папы Яна Паўла ІІ. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ў свой час Браслаў належаў да Віленскай архідыяцэзіі, і Мітрапаліт Гінтарас Грушас з’яўляецца пераемнікам тых арцыбіскупаў, якія калісьці абвяшчалі тут Божае слова. 

Таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ўзгадаў, што і сваё прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў як прэзбітэр для Віленскай архідыяцэзіі. 

На Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які выступіў у якасці перакладчыка для госця з замежжа, крыху распавёў пра яго жыццёвы лёс. Мітрапаліт Гінтарас Грушас нарадзіўся ў ЗША ў сям’і літоўскіх эмігрантаў, у свой час стаў інжынерам–электроншчыкам, але, пачуўшы голас паклікання, паступіў у семінарыю і стаў святаром. 

У гаміліі, узгадваючы эпізод Звеставання, Мітрапаліт Віленскі адзначыў, што, кажучы «Fiat», Марыя з простай дзяўчыны ператварылася ў Маці будучага Валадара Валадароў. Гэты момант змяніў усю Вечнасць: «святло, якое перамяніла Марыю, пераменіць і нас», — сказаў іерарх. 

Пасля Імшы вернікі разам са сваімі душпастырамі прайшлі ў працэсіі са свечкамі вуліцамі Браслава, молячыся на ружанцы. Далёка па наваколлі разносіліся словы малітвы: «Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас».

 

 Кацярына Лаўрыненка,
фота Аляксандры Шчыглінскай 

 

 

 
© 2003-2025 Catholic.by