Імша падзякі за ўраджай прайшла ў Далёкіх | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
07.09.2015 12:53

У парафіі Святога Станіслава ў Далёкіх стала добрай традыцыяй дзякаваць Богу за ўраджай. Гэты год не стаў выключэннем.

30 жніўня ў касцёле і каля яго было па-святочнаму. У кожны дом загадзя былі разнесены лісты з запрашэннем на святую Імшу падзякі за сёлетні ўраджай. Сапраўды, варта спачатку навучыццца дзякаваць Богу за тое, што ў нас ёсць, і тады Ён дасць тое, чаго нам не хапае.

Свята адбылося напярэдадні новага навучальнага года, таму напрыканцы Імшы кс. Анджэй Бочар MS благаславіў школьнікаў.

Пасля Эўхарыстыі ўсіх чакаў стол з пачастункамі. Гаспадыні прыгатавалі печыва і іншыя прысмакі, а мужчыны — рыбную поліўку. Многія прыйшлі сем’ямі. Вядома, што дзяцей і моладзь вучыць больш прыклад, чым словы настаўлення.

Прыемна было, што большасць парафіян у гэты дзень не спяшаліся дадому, а засталіся, каб пачаставацца і пагутарыць.

Ірына Высоцкая
Фота Эммы Станкевіч

 
© 2003-2025 Catholic.by