Адкрыццём Святых Дзвярэй біскуп Алег Буткевіч пачаў Год Міласэрнасці ў Віцебскай дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
14.12.2015 12:10

13 снежня біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адкрыццём Святых Дзвярэй у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага распачаў Год Міласэрнасці ў Віцебскай дыяцэзіі.

Перад гэтым вернікі разам са сваім пастырам прайшлі ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла Езуса Міласэрнага.

У гаміліі падчас урачыстай Імшы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі, іерарх падкрэсліў, што ўстанаўленне Года Міласэрнасці, у ходзе якога вернік можа атрымаць у сваёй дыяцэзіі поўны адпуст пры выкананні адпаведных умоваў, — гэта «вялікі дар Касцёла для кожнага верніка». Віцебскі ардынарый пажадаў, каб «гэты час дапамог перамяніць нашую свядомасць, задумацца над сэнсам свайго жыцця».

Таксама біскуп у гаміліі паставіў пытанне: што сказаў бы Ян Хрысціцель людзям XXI стагоддзя? Па словах іерарха, ужо тое, што чалавек спытаўся б: «Што я павінен рабіць?», «пазітыўна сведчыць пра чалавека XXI стагоддзя». А Ян Хрысціцель, дадаў біскуп, сказаў бы сучаснаму чалавеку: «Вы павінны паверыць y Ягоную любоў, Ягоную міласэрнасць».

Напрыканцы гаміліі біскуп заклікаў, каб кожны, хто дакранецца да дару Божай міласэрнасці і прабачэння, сведчыў гэтаму свету аб Божай любові і міласэрнасці.

На заканчэннe Імшы віцебскі ардынарый звярнуўся да прысутных у святыні, назваўшы іх пілігрымамі, бо ў гэты дзень многія сапраўды здзейснілі пілігрымкі са сваіх парафій у катэдральны касцёл, а затым удзяліў спецыяльнае папскае благаслаўленне. 

Увечары гэтага дня біскуп Віцебскі адчыніў Святыя Дзверы ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе.

Кацярына Лаўрыненка

 
© 2003-2024 Catholic.by