«Паверыць, што Бог здольны сапраўды ўчыніць вялікія рэчы»: велікодная раніца ў Віцебску | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
28.03.2016 14:44

«Хрыстус уваскрос — сапраўды ўваскрос!» — абвяшчэннем гэтай радаснай навіны прывітаў вернікаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч  на пачатку рэзурэкцыйнай Імшы ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага велікодным ранкам 27 сакавіка. Кажучы аб велічы гэтага дня, біскуп заўважыў, што «Божае благаслаўленне сыходзіць на нас праз прыгажосць гэтага сонечнага дня».

У гаміліі біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што «дзень уваскрасення нашага Збаўцы — гэта той дзень, калі аднаўляецца сувязь паміж чалавекам і Богам». «Яго крыжовая смерць — гэта быў яшчэ адзін акт знішчэння, які паспрабаваў здзейсніць злы дух. Аднак ён не разлічыў свае сілы, а з іншага боку не зразумеў, не заўважыў моцы Божай, якая праявілася не толькі ва ўсемагутнасці, але і ў вялікай пакоры. Не зразумеў да канца, што Бог у сваёй любові можа не толькі стварыць  вялікія незвычайныя рэчы, але і прынізіцца да апошняга, аж да прыняцця страшных пакутаў. І таму, нават перажыўшы смерць, Езус вяртаецца да жыцця і сваёю смерцю нішчыць знішчэнне, якое злы дух учыніў у стварэнні, здзейсненым Богам для  чалавека. І гэта тая важная праўда, аб якой нам нагадвае ўрачыстасць Уваскрасення Езуса Хрыста», — падкрэсліў іерарх.  

«Уваскрэснуць можам толькі з Хрыстом»

«Езус уваскрос і гэтым паказаў, што чалавек з найбольшай разбуранасці свайго існавання, з найгоршага яго знішчэння мае шанец паўстання да жыцця. Але ўваскрэснуць можам толькі з Хрыстом, толькі прыняўшы Ягоную любоў, Ягоную міласэрнасць, і менавіта таму ў гэтым годзе мы асаблівым чынам звяртаем увагу на гэты дар Божай міласэрнасці», — сказаў біскуп.

«Дзеля таго, каб чалавек не перакрэсліваў сам сабе шляху да збаўлення, каб зло, якое сёння асаблівым чынам імкнецца разбурыць тое добрае, што яшчэ засталося ў чалавеку, каб пазбавіць яго надзеі, Езус сёння паказвае нам, што любоў Бога заўсёды будзе мацнейшая. Што няма такога граху, такога зла, такога дна, да якога мог бы зысці чалавек і з якога Бог не мог бы яго вывесці. Гэта падкрэслівае сённяшняя ўрачыстасць», — дадаў віцебскі ардынарый.  

Іерарх адзначыў, што «не толькі мы з нашай натуры, створанай Богам, шукаем дабра ў свеце, але перадусім Ён нас шукае», і «тое, што Ён выйшаў з магілы, — гэта чарговы доказ таго, што для Бога няма нічога немагчымага», у тым ліку «знайсці чалавека і прывесці яго да Сябе».
 
«Каб мы, вызнаючы праўду пра ўваскрасенне Езуса Хрыста, імкнуліся жыць такім чынам, каб гэтая праўда была бачна ў нашым штодзённым жыцці»

«Няхай сёння, калі мы ўглядаемся ў пустую магілу, якая з’яўляецца для нас знакам перамогі Хрыста над кожнай людской слабасцю, каб гэта дадавала нам сілы і надзеі, што мы ў нашым жыцці маем лекі ад кожнай сапасаванасці, кожнай духоўнай хваробы. Толькі трэба паспрабаваць адкрыць перад Богам нашыя сэрцы, так, каб яны, будучы падобным да гэтай Хрыстовай магілы, не хавалі ў сабе бруду, чагосьці мертвага і непатрэбнага. А рэшту здзейсніць Ягоная ласка, Ягоная любоў і міласэрнасць», — нагадаў іерарх.

Напрыканцы гаміліі біскуп Віцебскі пажадаў: «Няхай гэтая ўрачыстасць Уваскрасення нашага Збаўцы дапаможа нам паверыць перадусім ва ўсемагутнасць Бога, у тое, што Ён здольны сапраўды ўчыніць вялікія рэчы; няхай гэтая ўрачыстасць павялічыць і ўмацуе нашую веру ў Ягоную прысутнасць сярод нас. Каб мы, вызнаючы гэтую праўду пра ўваскрасенне Езуса Хрыста, імкнуліся жыць такім чынам, каб гэтая праўда была бачна ў нашых учынках, у нашым штодзённым жыцці».

Кацярына Лаўрыненка
 

 
© 2003-2022 Catholic.by