Дзевяць дзяцей прыступілі да Першай Камуніі ў віцебскай парафіі Святой Барбары | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
25.05.2016 09:43

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, 22 мая, у віцебскай парафіі Святой Барбары прыступілі да Першай святой Камуніі 9 маленькіх парафіян. Па традыцыі май – час, калі дзеці прыступаюць да першай споведзі і Першай Камуніі.

Першая Камунія – радасная падзея не толькі для дзяцей, іх бацькоў і родных, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці. Падрыхтоўка да гэтай важнай у жыцці дзяцей падзеі працягвалася два гады. На працягу гэтага часу дзеці ўдзельнічалі ў катэхізацыі – пазнавалі асноўныя праўды веры, вучылі малітвы, разважалі над Божым словам, стараліся пазнаць і палюбіць Хрыста.

Напярэдадні, у суботу, дзеці прыступілі да першай споведзі. Зрабіць рахунак сумлення ім дапамаглі бацькі, якія пасля іх таксама прыступілі да сакрамэнту пакаяння.



У нядзелю дзеці, убраныя ў белае адзенне і са свечкамі ў руках, прыйшлі да касцёла задоўга да пачатку святой Імшы і з хваляваннем чакалі сустрэчы з Эўхарыстычным Езусам. Урачыстую святую Імшу цэлебравалі айцы дамінікане Кшыштаф Коцьян і Павел Мажэйка.

На пачатку Імшы дзеці атрымалі благаслаўленне бацькоў і ва ўрачыстай працэсіі ўвайшлі ў касцёл. У літургіі слова ўдзельнічалі бацькі і родныя першакамунійных дзяцей. У малітве вернікаў дзеці маліліся за Касцёл, Папу Рымскага, біскупаў і святароў, парафіян, за сем’і ў нашай краіне, за сваіх бацькоў, родных і настаўнікаў. Потым дзеці з хваляваннем станавіліся на калені і ўпершыню ў жыцці прымалі святую Камунію.



Напрыканцы Імшы дзеці разам з бацькамі падзякавалі пробашчу парафіі aйцу Кшыштафу Коцьяну, айцу Паўлу Мажэйку і катэхетцы Ірыне за іх працу, малітву, цярплівасць і адданасць.

Урачыстай падзеі спрыяла цудоўнае сонечнае надвор’е.

Ірына Лігецкая

Фота Валянціны Аўсянікавай


 
© 2003-2024 Catholic.by