Браслаў прывітаў пілігрымаў | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
19.08.2016 17:26

З радасным спевам «Нас у Браславе, Марыя, сустракай» 19 жніўня ў браслаўскую святыню ўвайшлі пілігрымы з Мёраў, якія прыбылі на святкаванне ўрачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў. Адразу за імі крочыла пілігрымка з Глыбокага. Гэтым разам у Браслаў прыйшлі дзве пілігрымкі.

Па традыцыі пры ўваходзе ў касцёл пілігрымаў сустрэў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. «Сардэчна вітаю вас ля ног Маці Божай Валадаркі азёраў», — сказаў ім іерарх.



Акропленыя асвечанай вадой, пілігрымы ўвайшлі ў касцёл і ляглі крыжам перад абразом Маці Божай Валадаркі азёраў, да якой ішлі два дні.

Пілігрымка з Глыбокага прыходзіць на браслаўскія ўрачыстасці ўжо трэці год запар. Усе гэтыя тры разы да Маці Божай Браслаўскай крочыць і Вольга Давыдзенка з Полацка. На пытанне, з якімі інтэнцыямі жанчына ішла ў Браслаў сёлета, яна адказала: «Я нічога не прасіла ў Маці Божай, толькі хацела падзякаваць Ёй за ўсё, што маю ў сваім жыцці».


Кацярына Лаўрыненка Фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by