Замалёўкі з урачыстасцяў у Росіцы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
20.02.2017 11:31

18 лютага ў Росіцы ў чарговы раз сабраліся шматлікія пілігрымы, каб ушанаваць памяць росіцкіх мучанікаў ксяндзоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

У даваенны час вежы сённяшняга мураванага росіцкага касцёла, пабудаванага ў 1911 годзе, былі бачныя здалёк. Аднак у сярэдзіне 30-х гадоў яны былі разбураны...

Апошнім святаром росіцкага касцёла ў перадваенны час быў прызначаны ў 1930 г. ксёндз Эдвард Вайцяховіч, аднак у 1934 г. ён быў арыштаваны, а 3 лютага 1935 г. асуджаны нарадай пры НКВД за «антысавецкую контррэвалюцыйную дзейнасць» да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. Ксёндз Вайцяховіч прадбачыў свой арышт, таму замураваў у сцяне сакрыстыі каштоўнае касцёльнае начынне і крыж. Праз сем гадоў яго схоў адшукалі ксяндзы марыяне. Гэтая падзея стала вялікай радасцю ў Росіцы на святы Божага Нараджэння першага года вайны.

Пасля арышту святара росіцкая парафія спыніла сваё існаванне. У будынку касцёла месцілася хата-чытальня, а неўзабаве вежы касцёла былі разбураны. 1941 год прынёс чарговую навалу, аднак пасля працяглага перапынку, 15 жніўня 1941 года  ксёндз Юзаф Гайлевіч, які прыехаў з Латвіі, цэлебраваў у росіцкім касцёле Імшу.

Пілігрымы, сонца і Божае благаслаўленне

З кожным годам у Росіцу, маленькую памежную вёску з Латвіяй, прыязджае ўсё больш пілігрымаў. Іх не пужае ні далёкая дарога, ні моцныя маразы, якія заўсёды былі ў Росіцы  ў часе зімовых урачыстасцяў. Аднак апошнія гады маразы ў гэты час значна слабеюць, а гэтым разам у Росіцы было сапраўднае веснавое надвор’е. Яшчэ з раніцы над Росіцай «вісела» шэрае пахмурнае неба, але ўжо пасля абеду паказалася сонейка, промні якога асвяцілі касцёл падчас святой Імшы.

«Росіца зноў нас паклікала»

«Росіца зноў нас паклікала» — гэтымі словамі прывітаў шматлікіх пілігрымаў, што прыбылі на сёлетнія зімовыя ўрачыстасці ў гонар росіцкіх мучанікаў а. Чэслаў Курэчка МІС, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы.

...У каменным настылым касцёле холадна, але што гэта ў параўнанні з мукамі нявінных ахвяраў росіцкай трагедыі, якія былі вымушаны знаходзіцца ў такім холадзе ўвесь адведзены ім час у гэтым касцёле. Пра гэта нагадвае пілігрымам айцец Чэслаў.

Незвычайная малітва на ружанцы

Ружанцовую малітву на пачатак урачыстасцяў правялі дзеці з Друі, сярод якіх былі і выхаванцы Друйскага дзіцячага дома. Ужо доўгі час імі апякуюцца сёстры эўхарысткі на чале з с. Наталляй Арлянковіч SJE, даючы ім галоўнае — веды пра Бога. У дзіцячым доме ў дзяцей ёсць адзенне і ежа, а вось іх хрысціянскае выхаванне —заслуга выключна сясцёр. На сёлетнія ўрачыстасці сёстры эўхарысткі з благаслаўлення друйскага пробашча кс. Сяргея Сурыновіча ўпершыню прывезлі гэтых дзяцей у Росіцу. І як тут не правесці паралелі з місіяй сясцёр эўхарыстак у часы ваеннага ліхалецця на гэтай зямлі.


На пачатку вайны ў місіянерскі паход на рэлігійна занядбаныя землі разам са святарамі вырушылі і 16 сясцёр эўхарыстак. Менавіта сёстры эўхарысткі дапамагалі святарам у іх паслузе — катэхізавалі і рыхтавалі людзей да прыняцця святых сакрамэнтаў. Падчас той страшнай акцыі са здзеклівай назвай «Зімовая чароўнасць» па просьбе святароў былі вызваленыя толькі сёстры эўхарысткі. Вярнуўшыся ў Друю, яны не толькі захавалі памяць пра подзвіг святароў-мучанікаў, але і працягвалі сваю місію...

Імша ў касцёле, які быў сведкам людскіх мукаў


Святую Імшу ўзначаліў генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель. Айцец Чэслаў Курэчка МІС прыгадаў словы кс. Кіселя, сказаныя ім некалькі гадоў таму, калі ён часова ўзначаліў Віцебскую дыяцэзію: «Росіца — гэта сур’ёзна, і заступніцтва благаслаўлёных мучанікаў Юрыя і Антонія вельмі моцнае, бо Росіца — не штучна створанае, не надуманае месца. Тыя падзеі адбыліся менавіта тут, у гэтым касцёле...»

«Будзь воля Твая...»

«Так ужо сталася, браце, што мы на сваёй роднай зямлі сталі місіянерамі, а місія на сваёй Бацькаўшчыне, мабыць, патрабуе нашмат больш, чым проста святарства. Таму зліёмся мы з гэтай зямлёй, растворымся ў ёй, раздзелім лёс гэтых няшчасных людзей і разам з імі пойдзем у Нябесную Айчыну» (словы кс. Антонія ў яго размове з кс. Юрыем у кнізе Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая». Урывак з кнігі быў зачытаны падчас гаміліі).   

Аб чым моляцца росіцкія пілігрымы?

«Пан Бог яшчэ раз дазволіў пабываць у Росіцы, у вёсцы, якая чамусьці стала для мяне асабліва дарагім месцам для майго сэрца. Месцам, дзе я радуюся і смуткую, месцам, неабходным для глыбокага ўваходу ў таямніцу жыцця і смерці, месцам вялікай Божай Міласэрнасці і Провіду», — з запісу на Фэйсбуку Вольгі Давыдзенкі, удзельніцы пілігрымкі з Полацка.

Працэсія на пляц мучаніцтва

Пасля Імшы адбылася працэсія на пляц мучаніцтва. На чале працэсіі заўсёды нясуць цяжкі крыж. І міжволі прыгадваецца аповед адной са сведак росіцкай трагедыі Ганны Жураўлёвай, якая некалькі гадоў таму адышла ў вечнасць, што тую апошнюю калону ахвяраў на спаленне ўзначаліў кс. Юрый Кашыра, узяўшы крыж... Ён меў выбар, і ён яго зрабіў, несучы свой крыж да канца...

...З Росіцай у яго звязаны свае ўспаміны

Сярод тых, хто маліўся гэтым разам на пляцы мучаніцтва, быў і кс. Юзаф Пятушка МІС. Ён часта бывае тут — у яго з Росіцай звязаны свае ўспаміны...

2 лютага 1942 г. бласлаўлёны ксёндз Антоні Ляшчэвіч удзяліў у Росіцкім касцёле Першую св. Камунію тады малому хлопцу Юзафу Пятушку. У росіцкім касцёле хлопец выконваў паслугу міністранта. Божы Провід пакіраваў так, што сям’я будучага святара паспела выехаць з Росіцы да пачатку пацыфікацыі.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў, у 1970-ыя гады, кс. Юзаф пачаў прыязджаць з Польшчы ў Савецкі Саюз, таемна несучы святарскую паслугу на рэлігійна занядбаных атэістычным рэжымам землях тым, хто прагнуў Хрыста, у тым ліку і на ўсходзе Беларусі. На пачатку 1990-х гг. святар прыехаў сюды назаўсёды, адраджаючы рэлігійнае жыццё ў Барысаве.

Ушанаванне месца гібелі ахвяраў


«Ахвярная любоў Хрыста, яе магутнасць і веліч, адкрылася нам на крыжы», — з гаміліі, якая прагучала ў часе святой Імшы ў росіцкім касцёле.

На месцы мучаніцкай гібелі ахвяраў росіцкай трагедыі, там, дзе высока ў неба ўздымаецца крыж, прагучала малітва «Анёл Панскі»... Там, дзе калісьці былі чутны стогн і енк сотні нявінных ахвяраў, цяпер сотні вуснаў прамаўляюць словы малітвы. А трапяткія агеньчыкі знічоў, што пакідаюць людзі на гэтым месцы, нібы душы загінулых, што імкнуцца ў неба....


p.s. «І калі ў Росіцы не застанецца ніводнае хаты, апрача Тваёй святыні, бо яна, цагляная, мусіць выстаяць, каб застацца для іншых сведкам, абвінаваўцам, помнікам па нас, то і тады, Пане, ведай, што наша смерць — ахвяра Табе за цяжкія грахі зямлі, на якой так часта буяе здрада. І няхай апошнім словам гэтае ахвяры стане Тваё імя, а наш апошні ўздых будзе звернуты да Цябе. Амэн» (малітва айца Антонія — урывак з кнігі Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая»).

Кацярына Лаўрыненка (VGr)
Фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2024 Catholic.by