Глыбоцкія выпускнікі новы этап у сваім жыцці распачалі супольнай малітвай | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
31.05.2017 08:57

30 мая ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім падчас святой Імшы маліліся за выпускнікоў. Адзінаццацікласнікі сабраліся ў святыні, каб прасіць благаслаўлення на новы этап свайго жыцця. Святую Эўхарыстыю за выпускнікоў цэлебраваў вікарый парафіі кс. Іван Кароткін.

«Кожны з вас цяпер хвалюецца пра сваю будучыню, і гэта натуральна. Важна даверыцца Богу і ісці наперад, — адзначыў святар. — Зараз распачынаецца новы этап — жыцця самастойнага і адказнага. Не будзе побач бацькоў, настаўнікаў, школьных сяброў. Будзе новае акружэнне. Вашае заданне — заставацца вернымі Хрысту: не паддавацца дрэннаму ўплыву, не саромецца хадзіць у касцёл, на саромецца маліцца, а наадварот, стаць прыкладам веруючага чалавека. У новым акружэнні з’явяцца спакусы, але важна ўмець разумна карыстацца сваёй свабодай. Ніколі не забывайце пра Бога і пра паняцце граху».

На заканчэнне святар пажадаў выпускнікам: «Не змарнуйце сваёй маладосці, не зламайце жыццё на самым пачатку, будуйце яго на трывалым падмурку! Ваш лёс знаходзіцца ў вашых руках. Менавіта ад вас залежыць, якімі вы станеце людзьмі. Не важна, дзе вы будзеце вучыцца, (...) важна, каб вы навучыліся быць добрымі і Божымі людзьмі».

На заканчэнне Эўхарыстыі кс. Іван удзяліў выпускнікам благаслаўленне, пасля якога бацькі звярнуліся да святароў і манахінь са словамі ўдзячнасці за малітву, прыклад і духоўнае выхаванне іх дзяцей на працягу многіх гадоў.

Паводле catholicnews.by
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by