«Аla-Лашук» жадае вам смачна есці! | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія

Кожнае свята збірае ў касцёле шматлікіх вернікаў, якія ўтвараюць адну хрысціянскую сям’ю. Утульнасць «сямейным» урачыстасцям, як вядома, дадае смачны пачастунак. Ужо ў каторы раз падобную атмасферу ствараюць гаспадыні з фірмы «Аla-Лашук», якія частуюць духавенства і вернікаў надзвычай смачнымі блінамі.

Дадзеная акцыя была арганізавана па ініцыятыве кс. Ігара Лашука, пробашча мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранкаўскі дэканат). Упершыню яна была прымеркавана да парафіяльнага свята, а затым да цэнтральных урачыстасцяў у Будславе. Некаторым нават пашчасціла пачаставаць бліны, прыгатаваныя Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам.

У гэтыя дні, 21–22 жніўня 2009 г., кухня «Аla-Лашук» частуе жыхароў і гасцей Браслава. Гэта маляўнічае мястэчка перажывае важную падзею — каранацыю цудоўнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Цырымонію каранацыі ўзначаліць арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер.

Па словах кс. Ігара Лашука, гэтай восенню па нядзелях пасля святой літургіі ў серабранкаўскай парафіі будзе арганізоўвацца так званы «сямейны абед». Ахвяраванні, сабраныя з дадзенай акцыі, будуць накіраваны на будаўніцтва святыні ў Серабранцы.

Валянціна Крутая

  

Фота У. Валадзько і кс. А Амяльчэні

 
© 2003-2024 Catholic.by