Папа сустрэўся з міністрантамі і міністранткамі з 23 краін | Друк |
Святы Айцец
05.08.2015 15:19

4 жніўня Папа Францішак сустрэўся на плошчы св. Пятра з 10 тыс. удзельнікаў Службы алтара з 23 краін Еўропы, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Сустрэча была арганізавана асацыяцыяй “Coetus Internationalis Ministrantium” (Міжнародная арганізацыя міністрантаў) пад дэвізам, узятым з кнігі прарока Ісаі: “Вось я, пашлі мяне!” (Іс 6, 8).

“Чым бліжэй вы да алтара, чым больш вы будзеце памятаць аб дыялогу з Езусам у штодзённай малітве, чым больш вы будзеце насычацца Словам і Целам Пана, тым больш вы будзеце здольнымі пайсці да бліжняга, дорачы яму тое, што атрымалі, даючы яму з энтузіязмам радасць, якой самі былі надзелены”, - сказаў Пантыфік падчас урачыстых Нешпараў з удзелам міністрантаў і міністрантак, якія прыбылі на міжнародную сустрэчу.

Папа адзначыў, што блізкасць з Езусам у Эўхарыстыі становіцца магчымасцю адкрыцца на іншых, каб разам ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і знаходзіць сілы для іх дасягнення. Пантыфік спаслаўся на дэвіз сустрэчы і адзначыў, што Бог заўсёды робіць першы крок на шляху да чалавека, бярэ ініцыятыву ў свае рукі, а Яго дзеянню ніколі не перашкаджае чалавечая слабасць - нават тады, калі мы супраціўляемся дзеянню Бога, Ён заўсёды “дакранаецца да нашых вуснаў агнём міласэрнай любові, і гэта дазволіць нам прыняць Яго і занесці братам”, бо верай трэба дзяліцца, ніколі не затрымліваць для сябе. Святы Айцец заўважыў, што Служба алтара з’яўляецца арэнай выхавання да веры і любові да бліжняга.

Нешпары на плошчы св. Пятра былі цэнтральным пунктам пілігрымкі міністрантаў. Ім папярэднічалі дзве гадзіны малітвы, сведчанняў і спеваў. Усе яны былі арыентаваны на важнасць місіі маладых людзей у грамадстве і Касцёле. Таксама на плошчы св. Пятра прагучалі два спевы на беларускай мове: іх выканаў гурт Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне “AVE”, спецыяльна запрошаны арганізатарамі сустрэчы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by