Музычны гурт семінарыі ў Гродне выступіць у Ватыкане |
Беларусь |
04.08.2015 19:47 |
Музычны гурт “AVE” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне 4 жніўня выступіць на плошчы св. Пятра ў рамках міжнароднай міністранцкай пілігрымкі ў Рым. Выступленне беларускіх музыкантаў-семінарыстаў адбудзецца ў рамках імправізаванага канцэрту, у якім прымуць удзел таксама музычныя калектывы з Венгрыі, Бельгіі, Італіі і Германіі. Кульмінацыяй сустрэчы міністрантаў стане малітва Нешпараў з Папам Францішкам. Пантыфіку будзе ўручана хустка пілігрыма, а затым ён звернецца да сабраных з прамовай. Чакаецца, што ў форуме прымуць удзел каля 9 тыс. чалавек.
Сустрэча арганізавана асацыяцыяй “Coetus Internationalis Ministrantium”, якая аб’ядноўвае нацыянальныя і дыяцэзіяльныя структуры, што апякуюцца міністрантамі ў Еўропе. Пілігрымка праходзіць на тэму “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8).
Гурт “AVE” быў заснаваны пры Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў 1993 г. Склад калектыву неаднойчы змяняўся ў сувязі з тым, што семінарысты пасля перыяду вучобы пакідалі сцены ўстановы. Калектыў выконвае рэлігійныя спевы і выпусціў ужо некалькі музычных альбомаў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG) |