Па словах старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству,
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у захапленні ад Пантыфікату Папы
Францішка, у чым і прызнаўся кардыналу Курту Коху, які на гэтым тыдні
здзяйсняў візіт у Санкт-Пецярбург і Маскву. Ватыканскі іерарх сустрэўся з
кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы 18 снежня і расказаў пра гэтую
сустрэчу Ватыканскаму радыё.
Кардынал паведаміў, што размова ішла пра ўзаемасувязі паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, тэалагічны дыялог і выклікі сучаснага грамадства для хрысціян, палітычную сітуацыю ў свеце.
Па словах іерарха, закраналася і пытанне сустрэчы Папы і Патрыярха. “Аб гэтым ідзе размова пастаянна. Адказны за экуменічныя адносіны Рускай Праваслаўнай Царквы, Мітрапаліт Іларыён, неаднаразова падкрэсліваў, што больш важная за дату сустрэчы яе падрыхтоўка. І я падтрымліваю гэтую пазіцыю. Для гэтага патрэбны час”, - сказаў кардынал.
Старшыня Папскай рады адзначыў, што Патрыярх Кірыл вельмі задаволены гэтым Пантыфікатам і перш за ўсё захапляецца тым, як Папа Францішак кіруе Касцёлам і адносіцца да людзей. Кіраўнік РПЦ, дадаў кардынал, станоўча падкрэсліў таксама спосаб падыходу Святога Айца да бедных і сям’і.
Старшыня Папскай рады не хавае, што праблемным для Рускай Праваслаўнай Царквы застаецца пытанне Украіны: “Перш за ўсё гаворка ідзе пра яе заклапочанасць адносна аб’яднанай з Рымам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Да гэтага пытання мы пастаянна вяртаемся”. Кардынал паведаміў, што размова з Патрыярхам ішла таксама пра палітычнае развіццё ва Украіне, паколькі краіна стаіць перад небяспекай расколу. “Гэта вельмі неадкладны выклік”, - заявіў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|