18 снежня адбылася сустрэча старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынала Курта Коха з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Кіраўнік Рускай Прaваслаўнай Царквы адзначыў, што вельмі цэніць «магчымасць непасрэдных зносінаў і дыялогу» і лічыць, што «такі дыялог вельмі важны, асабліва на сённяшнім этапе жыцця нашых Цэркваў».
«Мы звязваем з абраннем Папы Францішка вялікія чаканні, таму што многае з таго, што кажа Папа, што ён прапануе свету і грамадству, супадае з нашым бачаннем, — падкрэсліў Патрыярх. — Мы станоўча ацэньваем той факт, што Папа Францішак неаднаразова выяўляў свае сімпатыі ў адрас нашай Царквы, у тым ліку падчас сустрэчы з Мітрапалітам Валакаламскім Іларыёнам».
Патрыярх асабліва падкрэсліў агульнасць пазіцый дзвюх Цэркваў па сітуацыі на Блізкім Усходзе, у прыватнасці, па сірыйскім канфлікце, і адзначыў вялікае значэнне паслання Папы Францішка па гэтым пытанні, якое ён скіраваў Прэзідэнту Расіі ў сувязі з правядзеннем сустрэчы «Вялікай дваццаткі» ў Санкт-Пецяргбургу ў верасні. «Мяркую, што агульнасць нашых пазіцый па Сірыі з’яўляецца вельмі добрай платформай для далейшага дыялогу паміж нашымі Цэрквамі аб тым, што адбываецца сёння ў свеце», — сказаў кіраўнік РПЦ.
Патрыярх дадаў, што яшчэ адна тэма, важнасць якой падкрэсліваюць праваслаўныя і католікі, — захаванне ў сучасным свеце традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Па словах іерарха, праца па гэтай тэме вядзецца на двухбаковым узроўні.
Патрыярх адзначыў, што тэма «сацыяльнай справядлівасці, праблема эканамічнай дыспрапорцыі, пытанні развіцця дабрачыннасці і сацыяльнага служэння Царквы таксама знаходзяцца ў цэнтры нашай увагі» і што гэтая тэматыка знаходзіць адлюстраванне і ў пазіцыі Каталіцкага Касцёла і Папы.
Кіраўнік РПЦ узгадаў, што ў развіцці Рускай Царквы за апошнія гады ёсць нешта падобнае да таго, што адбываецца зараз у Каталіцкім Касцёле, асабліва ў сувязі з абраннем Папы Францішка. «У нас ёсць гісторыя адносін, вопыт супрацоўніцтва, які дае магчымасць з аптымізмам глядзець у будучыню ў надзеі на тое, што абедзве Царквы змогуць аказаць уплыў на свядомасць сучаснага чалавека з тым, каб умацаваць духоўныя каштоўнасці ў жыцці грамадства», — лічыць Патрыярх.
Кардынал Курт Кох перадаў Патрыярху прывітанні і добрыя пажаданні ад Пантыфіка. «Кожная Царква мае свае скарбы, — сказаў кардынал. — У сваім пасланні Папа Францішак піша адкрыта, што мы вельмі многаму навучыліся ад праваслаўных, асабліва ў тым, што датычыцца епіскапскай калегіяльнасці і саборнасці».
Старшыня Папскай рады назваў агульным для ўсіх хрысціян выклікам адмаўленне сучасным светам хрысціянскіх каштоўнасцяў, адна з праяваў якога — крызіс інстытута сям’і.
Па словах кардынала, вялікае значэнне мае салідарная пазіцыя Цэркваў па сітуацыі ў Сірыі і на Блізкім Усходзе ў цэлым. «Вялікі непакой выклікае той факт, што ў гэтым рэгіёне хрысціянства знікае. Калі там застануцца толькі камні без людзей, мы страцім самае істотнае», — сказаў іерарх.
Суразмоўцы абмеркавалі таксама актуальны стан праваслаўна-каталіцкага дыялога ў межах Змешанай міжнароднай камісіі і цяжкасці, з якімі ён сутыкаецца. Паводле афіцыйнага сайта Маскоўскага Патрыярхату
(AG)
|