| Мітрапаліт Іларыён выказаў салідарнасць Касцёлу ў Польшчы з прычыны апаганьвання цудатворнага абраза | | Друк | | 
	| 10.01.2013 16:18 | 
|  Старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён накіраваў ліст Мітрапаліту Чэнстахоўскаму арцыбіскупу Вацлаву Дэпа, у якім выказаў салідарнасць духавенству і вернікам Касцёла ў Польшчы з прычыны апаганьвання цудатворнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.
 Як інфармуе агенцтва КАІ, арцыбіскуп Вацлаў Дэпа падкрэсліў, што «гэты выраз болю і салідарнасці ў малітве з’яўляецца вялікім дарам» для Касцёла ў Польшчы. Па словах арцыбіскупа, Мітрапаліт Іларыён кажа ў сваім лісце пра «пагрозы з боку сучаснай цывілізацыі, якая супраціўляецца Евангеллю».
 Арцыбіскуп Дэпа назваў жэст праваслаўнага іерарха выразам «супольнай дзейнасці на карысць захавання каштоўнасцяў, якія для нас з’яўляюцца каштоўнасцямі жыцця».
 
 Блюзнерскі акт у дачыненні да чэнстахоўскай святыні адбыўся 9 снежня 2012 г. у Яснагурскім санктуарыі. Пасля ранішняй святой Імшы мужчына абліў абраз цёмнай фарбай. Абраз знаходзіцца пад шклом і дзякуючы гэтаму пазбег пашкоджання.
 Раней салідарнасць Касцёлу ў Польшчы з гэтай прычыны выказаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. 
 (AG) 
 |