Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл накіраваў ліст старшыні польскага епіскапату арцыбіскупу Юзафу Міхаліку, у якім выказаў падтрымку ў сувязі з нядаўняй спробай апаганьвання цудатворнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Блюзнерскі акт адбыўся 9 снежня.
«З болем у сэрцы я ўспрыняў вестку аб блюзнерскім акце, здзейсненым у дачыненні да самай вялікай святыні польскага народа — абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, які прабывае ў Яснай Гуры, — гаворыцца ў лісце, які цытуе афіцыйны сайт Маскоўскага Патрыярхату. — Дзякуй Богу, сам абраз, які на працягу многіх стагоддзяў ушаноўваецца як католікамі, так і праваслаўнымі, не пацярпеў».
Патрыярх дадае, што расійскі і польскі народы «заўсёды аб’ядноўвала вера ў Пана нашага Езуса Хрыста і асаблівае ўшанаванне Яго Прачыстай Маці», таму «падзею, якая адбылася, мы ўспрымаем не толькі як акт вандалізму ў дачыненні да святыні, але і як абразу, нанесеную самой хрысціянскай традыцыі, гісторыі і культуры двух нашых народаў».
Кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы адзначае, што ў апошні час часта даводзіцца мець справу з падобнымі выпадкамі «і ў Расіі, і ў Польшчы, і ў іншых краінах Еўропы, што, несумненна, з’яўляецца прыкметай глыбокага духоўнага крызісу». У такой сітуацыі «Цэрквы могуць і павінны несці сумеснае сведчанне аб хрысціянскіх каштоўнасцях».
Патрыярх Кірыл выказвае арцыбіскупу Міхаліку і даручаным яго апецы вернікам «шчырую падтрымку з боку Рускай Праваслаўнай Царквы» і жадае «духоўнай моцы і невычэрпнай Божай дапамогі».
(AG)
|