Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклады каталіцкіх іерархаў прагучалі на канферэнцыі з нагоды 1700-годдзя Міланскага эдыкта
Беларусь
05.04.2013 15:59

5 красавіка ў Інстытуце тэалогіі БДУ ў Мінску адкрылася міжнародная канферэнцыя «Міланскі эдыкт у гісторыі еўрапейскай цывілізацыі. Праблема ўзаемадзеяння Касцёла і дзяржавы ў сучасных умовах». На канферэнцыі, прысвечанай 1700-годдзю Міланскага эдыкта, прагучалі, між іншым, даклады Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

У пасяджэнні ўдзельнічаў спецыяльны госць — старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій Беларусі, навукоўцы Акадэміі навук і ВНУ Беларусі, замежныя спецыялісты, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.

Міланскі эдыкт, прыняты 1700 гадоў таму, абвясціў роўнасць рэлігій і заклаў асновы іх мірнага суіснавання. Гэты эдыкт — важнейшая веха ў гісторыі развіцця рэлігійнай свабоды і свабоды сумлення. З Міланскага эдыкта пачалося станаўленне хрысціянства як сусветнай рэлігіі.

На пачатку канферэнцыі адбылося ўручэнне Мітрапаліту Іларыёну дыплома Ганаровага Доктара Інстытута тэалогіі імя святых Мятода і Кірыла». Прадстаўніка Маскоўскага Патрыярхату прывітаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адзначыўшы, што іерарх сам публікуе багаслоўскія працы і спрыяе станаўленню тэалогіі як навукі.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў, што «сумесная дзейнасць Касцёла і дзяржавы з’яўляецца актуальнай і запатрабаванай», і выказаў надзею, што «гэты навуковы форум унясе ўклад у асэнсаванне значэння хрысціянскіх каштоўнасцяў».

Мітрапаліт Іларыён у сваёй лекцыі звярнуў увагу, што сёння «тэалогія ўваходзіць у шэраг спецыяльнасцяў, і гэта добры знак супрацоўніцтва паміж ёю і свецкай навукай». Кажучы пра Міланскі эдыкт у сувязі з актуальнымі пытаннямі адносін Касцёла і дзяржавы, іерарх адзначыў, што гэты эдыкт прынята лічыць перамогай хрысціянства над язычніцтвам, што знаходзілася ў агоніі. Аднак тэкст эдыкта, заўважыў прамоўца, «не прадугледжвае прывілеяванага становішча хрысціянства, а абвяшчае свабоду рэлігій увогуле». З яго прыняццем «адкрылася новая эпоха як для Касцёла, так і для самой Рымскай дзяржавы». Па словах Мітрапаліта Іларыёна, Касцёл, «увайшоўшы ў структуру дзяржаўнай улады, не зліўся з ёю, а (…) стаў крок за крокам аказваць на дзяржаву дабратворны ўплыў у духу Евангелля Хрыста».

Сёння ж, працягваў Мітрапаліт, «секулярызацыя пад выглядам дэмакратызацыі вызваліла каласальную энергію ўладнага падпарадкавання, якая імкнецца канчаткова вызваліцца ад рэлігіі». Калі рымская ўлада, дадаў іерарх, нярэдка індыферэнтна ставілася да амаральнасці, то сёння яе імкнуцца ўзвесці ў норму. Тым не менш, падкрэсліў прамоўца, хрысціянства «па самой сваёй сутнасці не можа адмовіцца ад прэтэнзіі на праўду».

Як адзначыў прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхату, шлюб Касцёла і дзяржавы, які стаў магчымым пасля прыняцця Міланскага эдыкта, «задаў еўрапейскай дзяржаўнасці такі вектар развіцця, адхіленне ад якога будзе азначаць цывілізацыйную смерць нашага кантынента».

Адказваючы на пытанні журналістаў, Мітрапаліт Іларыён выказаў надзею, што пры новым Пантыфіку Францішку «адносіны паміж праваслаўем і каталіцтвам атрымаюць новы імпульс». Іерарх сказаў і пра развіццё беларускай тэалогіі, адзначыўшы «цесныя сувязі паміж беларускімі адукацыйнымі ўстановамі і ўстановамі Расіі, Украіны, заходніх дзяржаў».

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт у сваім слове падкрэсліў, што традыцыя, закладзеная Міланскім эдыктам, паспяхова рэалізуецца ў нашай краіне. Гэты эдыкт «нарадзіў паняцце сімфоніі — сугучча, згоды духоўнага і свецкага пачатку». Задача ж дзяржавы, як адзначыў іерарх, — «каб чалавек у сваім часовым, зямным жыцці не жыў як у пекле».

Даклад Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці «Роля эдыкта Канстанціна ў тэалогіі горада зямнога» агучыў сакратар Апостальскай Нунцыятуры а. Юрый Шэнда OP. У дакладзе Міланскі эдыкт быў разгледжаны ў інтэрпрэтацыі тэалогіі гісторыі і прыводзіліся прыклады адносін паміж палітычным жыццём і хрысціянствам.

Як было адзначана ў дакладзе прадстаўніка Святога Айца, пасля прыняцця гэтага эдыкта адбылося спыненне пераследу і мучаніцтва хрысціян, пачалося будаўніцтва новых храмаў, а імператары, як на Усходзе, так і на Захадзе, прынялі на сябе апекаванне Касцёлам.

Аднак у хрысціянскай супольнасці пасля завяршэння пераследу існавалі розныя падыходы да палітычнай улады. Напрыклад, манахі на хрысціянскую імперыю, якая замяніла сабой язычніцкую, часта глядзелі з недаверам, імкнучыся абмежаваць сябе ад спакушэння ўладай.

У дакладзе Апостальскага Нунцыя падкрэслівалася, што «хрысціянства як рэлігія Божага аб’яўлення засноўваецца на факце ўцелаўлення Божага Слова», і «любая абсалютызацыя палітычнага выбару парушыла б эсхаталагічную сутнасць хрысціянства».

З дакладам на тэму «Адносіны Касцёла і дзяржавы ў святле каталіцкага вучэння» выступіў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт нагадаў, што пасля прыняцця ў 313 г. імператарамі Канстанцінам і Лікініем Міланскага эдыкта «хрысціянства атрымала роўныя з іншымі рэлігіямі правы і тым самым новыя, не бачаныя раней магчымасці для свайго развіцця і выканання ўскладзенай на яго Хрыстом місіі абвяшчэння Евангелля і збаўлення чалавека».

«Касцёл, выконваючы даручаную яму Хрыстом місію, сцвярджае прынцыпы Божага Валадарства на зямлі, асвячае вернікаў, ажыццяўляе іх духоўнае кіраўніцтва і вядзе да вечнага жыцця, — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Дзяржава паклікана ўладкоўваць жыццё людзей у грамадстве, для чаго выкарыстоўвае свецкія інстытуты ўлады, ідэалогію, а таксама матэрыяльныя рэсурсы».

«Дзяржава існуе для чалавека. Яна паклікана забяспечыць яго ўсебаковае нармальнае развіццё і жыццё. (…) Першай задачай Касцёла з’яўляецца весці чалавека да Бога і дапамагчы яму збавіцца. Усё гэта кажа пра тое, што Касцёл таксама існуе для чалавека. Таму дабро чалавека павінна быць агульным і зыходным пунктам у выбудоўванні адносін паміж Касцёлам і дзяржавай», — падкрэсліў арцыпастыр.

«Задачай Касцёла з’яўляецца прыўносіць у грамадства дух Евангелля, прапагандаваць і абараняць маральныя каштоўнасці і прапаноўваць прынцыпы сацыяльнай справядлівасці, каб свецкая дзяржава была ўзбагачана неўміручымі хрысціянскімі каштоўнасцямі, — дадаў Мітрапаліт. — Прызнаючы аўтаномію дзяржавы, Касцёл пакідае за сабой права на маральную ацэнку яе дзейнасці, калі таго патрабуюць правы асобы і збаўленне душаў, прымяняючы сродкі, адпаведныя Евангеллю і дабру ўсіх, у залежнасці ад патрабаванняў часу і абставінаў».

Правёўшы ў сваім дакладзе аналіз каталіцкага сацыяльнага вучэння, іерарх падвёў выснову, што гэты аналіз «дакладна вызначае аўтаномію Касцёла і дзяржавы, якія, хаця і розным чынам, служаць асабістаму і сацыяльнаму дабру тых жа самых людзей».

Поўны тэкст даклада Мітрапаліта Кандрусевіча на рускай мове>>>

Таксама сёння ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца выкананне музычнага твора «Страсці па Мацвею» для салістаў, хору і струннага аркестра, аўтарам якога з’яўляецца Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

Анастасія Грышан

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме