Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзве эклезiялогii. Супярэчнасць цi ўзаемнае дапаўненне? (частка ІV)
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
23.02.2013 16:45

Падводзячы вынікі папярэдніх разважанняў, прапануем вашай увазе некалькі тэмаў, якія, як здаецца, могуць быць плённымі ў тых выпадках, калі завязваецца з праваслаўнымі тэалагічная размова ў галіне эклезіялогіі.

Хаця змест прыведзеных ніжэй тэмаў можа паказацца складаным для сярэдняга верніка без тэалагічнай адукацыі, аднак агляд інтэрнэт-форумаў і мой асабісты вопыт размоў з вернікамі схіляе да таго, каб зацікаўленым іх прапанаваць. Такім чынам:

Па-першае, ужыванне прынцыпу антыноміі (г. зн. нібыта супярэчнасці) у праваслаўнай тэалогіі для тлумачэння таямніц Божага Аб’яўлення. Вядомы праваслаўны багаслоў  В. Н. Лоскі пісаў: «Дагматы Касцёла часта ўяўляюцца нашаму розуму як антыноміі. (…) Заданне не ў тым, каб пазбыцца антыноміі шляхам прыстасавання дагмата да нашага разумення, а ў перамяненні нашага розуму, каб мы маглі наблізіцца да сузірання аб’яўленай Божай рэчаіснасці»1. Гэтыя словы, якія як агульны прынцып многія праваслаўныя тэолагі адносяць да таямніц Найсвяцейшай Тройцы і Божага Уцелаўлення, ці не варта аднесці таксама і да таямніцы Хрыстовага Касцёла, які па словах В. Н. Лоскага з’яўляецца «выкананнем збаўчай эканоміі Найсвяцейшай Тройцы»?2 У такім выпадку, можа, і не выклікала б у праваслаўных такой моцнай насцярожанасці сцвярджэнне існавання ў Касцёле адначасова вярхоўнай улады Рымскага Пантыфіка і калегіяльнай улады ўсіх біскупаў, для выканання якой вярхоўная ўлада не з’яўляецца перашкодай? Падобным чынам можна было б таксама разважаць суіснаванне эклезіялогіі ўніверсальнай і эўхарыстычнай, як узаемнае дапаўненне ў сузіранні шматграннай таямніцы Касцёла.

Па-другое, ужыванне паняцця «святоотеческий теологумен» у праваслаўнай тэалогіі для адрознення тых праўд веры, якія хоць і не з’яўляюцца дагматамі, але з’яўляюцца вартымі асаблівай пашаны па прычыне іх вызнання некаторымі аўтарытэтнымі старажытнымі Айцамі Касцёла. Такім чынам, навучанне аб вярхоўнай пастырскай уладзе Рымскага Пантыфіка таксама можна расцэньваць, паводле прыведзенай праваслаўнай метадалогіі, як святоотеческий теологумен, а гэта значыць — навучанне, якое заслугоўвае прынамсі належнага аўтарытэту і пашаны. У папярэдніх артыкулах было паказана3, што ад першых стагоддзяў хрысціянства гэта праўда прысутнічала ў самасвядомасці біскупаў Рыма, а прыняла выгляд яснай тэалагічнай дактрыны ў навучанні св. Льва Вялікага. Дзеянні прабегу Сусветных Сабораў першага тысячагоддзя сведчаць аб пашане іх удзельнікаў да гэтай самасвядомасці біскупаў Рыма. Варта пра гэта памятаць па прычыне распаўсюджанасці сярод праваслаўных стэрэатыпнага слогана «ерась папізму», а таксама часта спатыканай упэўненасці, што навучанне аб вярхоўнай уладзе Рымскага Пантыфіка з’яўляецца «неправаслаўным». Адкуль такая ўпэўненасць?

Па-трэцяе, вымярэнне сакрамэнтальнай эканоміі (рус. домостроительства таинств) не вычэрпвае ўсёй таямніцы Касцёла. Сапраўды, біскуп Рыма не атрымлівае ніякай большай сакрамэнтальнай ласкі, чым кожны іншы біскуп; няма «чацвёртай ступені святарства». Яго паслуга базуецца на фактычнай пераемнасці, якая ў першыя стагоддзі хрысціянства таксама мела вялікую вагу, а пазней на Усходзе была зацемнена павагай да дзяржаўна-адміністрацыйных і нацыянальна-гістарычных цэнтраў. Вельмі цікавыя і дастаткова абгрунтаваныя разважанні на гэтую тэму можна прачытаць у артыкуле Ёзафа Ратцынгера «Прымат, калегія біскупаў і апостальская пераемнасць» (стар. 7), які ён напісаў падчас падрыхтовак да Другога Ватыканскага Сабору.

На заканчэнне хацелася б выказаць надзею, што магчымы дыялог з братамі праваслаўнымі на прыведзеныя тэмы не будзе прычынай спрэчкі або нагодай пераконвання кагосьці ў сваіх поглядах, а ў добрай братняй размове ці перапісцы дапаможа прынамсі ў некаторых элементах каталіцкай эклезіялогіі прыгадаць камусьці з іх менавіта сваё «забытае старое».

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. В. Н. Лосский «Очерк мистического богословия Восточной Церкви» гл. II, а таксама ў Правасл. Энцыкл. арт. Антиномия (апошні абзац).
  2. В. Н. Лосский «Очерк мистического богословия Восточной Церкви» гл. IX (рус. «исполнение домостроительства Пресвятой Троицы»).
  3. Гл. тут і тут.


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння