Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Самасвядомасць біскупаў Рыма першага тысячагоддзя (частка I)
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
23.07.2012 13:23

Вялікая колькасць біскупаў змянілася за ўсю гісторыю на пасадзе Апостальскай Сталіцы. Паходзілі яны з розных народаў і сацыяльных групаў. Але калі паспрабаваць знайсці адну агульную рысу, якая б іх усіх аб’ядноўвала і адначасова адрознівала ад біскупаў іншых сталіц Касцёла, то гэта — свядомасць сваёй адказнасці за Паўсюдны Касцёл і Божай дапамогі ў выкананні гэтага паклікання.

Сказанае не азначае, што іншыя біскупы абмяжоўваліся толькі сваімі рэгіянальнымі інтарэсамі і не клапаціліся пра справы ў іншых дыяцэзіях, але гэта заўсёды мела залежнасць ад зменных абставінаў (асобаў, палітычнай сітуацыі і г.д.). У выпадку біскупаў Рыма можна заўважыць пастаянную, праз усю гісторыю Касцёла, пераемнасць гэтай свядомай адказнасці і Божага дару, незалежна ад таго, ці быў Рым у цэнтры палітычнага жыцця, ці не; ці любіў біскуп уладу, ці быў святым пакорлівым чалавекам. Зразумела, што на працягу стагоддзяў гэтая самасвядомасць праходзіла пэўную эвалюцыю, падобна як і іншыя формы касцёльнага жыцця.

Так, у канцы І ст. святы Клімент І, Рымскі Папа, актыўна займаўся вырашэннем унутраных праблемаў Касцёла ў Карынце — рэгіёна значна аддаленага ад Рыма (гл. мапу), пры тым, што у той час недалёка ад Карынта яшчэ жыў і дзейнічаў сам Апостал Ян Евангеліст. Святы Клімент напісаў Ліст і выслаў пасланцоў (пар. Ліст 63,3; 65), перапрашаючы, што так позна заняўся гэтай справай (пар. Ліст 1). Некаторыя фрагменты Ліста паказваюць, што дзеянні біскупа Рыма не з’яўляліся тут праявай толькі звычайнай братняй салідарнасці, але св. Клімент прамаўляе як пастыр Касцёла, свядомы апостальскай улады і дапамогі Духа Святога (пар. Ліст 59,1; 63,1-2.4), пры гэтым, здаецца, не выпадкова на пачатку Ліста ён спасылаецца на «стаўпоў Касцёла» св. Пятра і Паўла (пар. Ліст 5). Святы Ірэнэй Ліёнскі сто год пазней, калі будзе абгрунтоўваць важнасць захавання адзінства з Касцёлам Рыма, каб не трапіць у ерась, прывядзе і вышэйапісанае здарэнне1. Варта дадаць, што карынцяне ўмяшанне біскупа Рыма прынялі з вялікай удзячнасцю і яшчэ ў ІІ ст. Ліст св. Клімента сістэматычна чытаўся ў час набажэнстваў2.

У канцы ІІ ст. Рымскі Папа Віктар І выступіў з ініцыятывай, каб ва ўсім Касцёле зрабіць адзіны звычай святкавання Вялікадня — у нядзелю (так на той момант святкавалі ў Рыме і большасці Касцёлаў). Але ў Малой Азіі быў звычай адзначаць Пасху адначасова з юдэямі, таму яна часцей за ўсё трапляла на іншы дзень тыдня. Калі тыя біскупы не падпарадкаваліся закліку Папы, то ён напісаў ім, што адлучыць іх ад Каталіцкага Касцёла3. Такая мера была ўспрынята неадназначна і іншыя біскупы адгаварылі Папу ад строгага рашэння. Аднак гэтая падзея ясна сведчыць, што ўжо ў ІІ ст. біскупы Рыма мелі свядомасць вярхоўнай апостальскай улады ва ўсім Касцёле.

Падобна, у ІІІ ст. св. Стэфан І, Рымскі Папа, настойваў на тым, каб у Паўночнай Афрыцы адмовіліся ад практыкі паўтарэння хросту ўсіх тых, хто пераходзіць у Каталіцкі Касцёл ад некатолікаў, а прызнавалі, калі хрост быў здзейснены правільна ў імя Святой Тройцы, як было прынята ў Рыме. Стэфан І не мог зразумець і згадзіцца з тым, што афрыканскія біскупы не хочуць падпарадкавацца рашэнню Рымскага Касцёла4.

Некаторые маглі б ацэньваць пазіцыю пап Віктара І і Стэфана І як праяўленне любові да ўлады, але трэба памятаць, што гэта быў перыяд частых ганенняў на хрысціянаў і кожны, хто згаджаўся прыняць выбар на біскупа Рыма, адначасова згаджаўся быць і першым сярод прымаючых дабрааахвотнае мучаніцтва за веру. Віктар І і Стэфан І з’яўляюцца святымі ў Каталіцкім Касцёле, а папа св. мучанік Стэфан І быў шанаваны таксама і на Русі5 да XVIІI ст. Варта звярнуць увагу і на тое, што рашэнні, на прыняцці якіх настойвалі папы Віктар І і Стэфан І, як паказала далейшая гісторыя, аказаліся правільнымі і ўрэшце былі прынятыя ўсім Касцёлам.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. Ірэнэй Ліёнскі “Супраць ерасей” кн. 3; 3,2-3.
  2. Пар. Эўзэбій Памфіл “Гісторыя Касцёла” кн. 4; 23,11.
  3. Пар. Эўзэбій Памфіл “Гісторыя Касцёла” кн. 5; 23-24. Рускі пераклад гэтага месца Гісторыі мае негатыўнае адценне адносна папы Віктара І. Для параўнання: тут польскі пераклад (стар. 241).
  4. Пар. В. Задворный «История Римских пап» т. 1, Св. Стефан I; М. Поснов «История Христианской Церкви», Споры о перекрещивании.
  5. Пар. Минея Четья XVI ст. (ліст 59)


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння