Канчатковым пунктам падарожжа мітрапаліта Ісідара з Ферара-Фларэнтыйскага Сабору павінна была быць Масква — тагачаснае месца рэзідэнцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. У 1441 годзе мітрапаліт Ісідар абвясціў Фларэнтыйскую унію ў Маскве, але унія была выразна адкінута, а сам мітрапаліт арыштаваны і абвешчаны здраднікам веры.
Гэта падзея мела пэўны спецыфічны ўплыў на далейшую гісторыю
міжканфесійных адносінаў, а таксама ўвогуле на культурныя і палітычныя
адносіны на ўсходнеславянскіх землях. Паспрабуем спачатку зразумець, паводле якіх крыніц гісторыкі апісваюць узгаданыя падзеі і што менавіта адбылося тады ў Маскве.
Апісанне самога здарэння, якое знаходзім у летапісах, перапісцы, апавяданнях з тых часоў, было вельмі распаўсюджана сярод кніжнікаў паўночна-ўсходняй Русі і прадстаўляе падзеі больш-менш аднолькава. А менавіта так, што мітрапаліт Ісідар прыбыў у ІІІ нядзелю Вялікага посту, увайшоў у працэсіі, якая знешнім выглядам падкрэслівала адзінства з «лацінскай верай». Дакументы ўзгадваюць пра «лацінскі крыж», г.зн. што быў ён з фігурай-пасіяй, а ногі Езуса былі прабіты адным цвіком (а не двума, як ва ўсходняй традыцыі). Таксама звяртаецца ўвага на іншыя знешнія адзнакі лацінскай традыцыі пры ўездзе Ісідара ў Маскву. Падчас урачыстай Літургіі было ўзгадана імя Рымскага Папы ў тым месцы, дзе заўсёды ўзгадвалася імя Патрыярха Канстанцінопаля. Пасля службы быў урачыста прачытаны акт Фларэнтыйскага Сабору аб царкоўным адзінстве і прагучалі ўсе тэалагічныя пастановы гэтага ж Сабору. Пасля мітрапаліт быў адхілены ад сваёй пасады і пасаджаны ў вязніцу. Некаторыя дакументы ўзгадваюць, што адбылося гэта праз тры дні і пры рашучым уплыве вялікага князя Маскоўскага Васілія ІІ. Быў скліканы сабор епіскапаў паўночна-ўсходняй Русі, на якім мітрапаліт Ісідар быў прызнаны здраднікам праваслаўнай веры. Яго намаўлялі да адрачэння ад уніі, але ён не адрокся, і праз паўгода яму атрымалася ўцячы без цяжкасцяў.
У зносках унізе прыводзім назвы гістарычных крыніц і спасылкі для зацікаўленых1, але варта звярнуць увагу на тое, што ўсе гэтыя крыніцы паходзяць з асяроддзя, варожага да Фларэнтыйскай уніі, а некаторыя з іх былі напісаны значна пазней. Таму ёсць гісторыкі, якія значна памяншаюць іх гістарычную вартасць і лічаць фальсіфікаванымі. Калі прыняць такую крайнюю пазіцыю, то можам сцвердзіць толькі безумоўны факт, што мітрапаліт Ісідар сапраўды быў у Маскве ў 1441 годзе і абвясціў там Фларэнтыйскую унію, што быў арыштаваны і адхілены ад пасады як «здраднік веры» і што потым апынуўся на свабодзе па-за межамі паўночна-ўсходняй Русі2.
Але існуюць гістарычныя даследванні, якія старанна прасочваюць працэс паўставання дадзеных крыніц3, а таксама іншыя даследванні, у якіх пры пільным аналізе ўзгаданых тэкстаў, нават улічваючы іх «ідэалагічную накіраванасць» і магчымасць фальсіфікацыі, а таксама супастаўляючы даныя з гэтых тэкстаў з іншымі вядомымі фактамі, гісторыкам удалося, як здаецца, «выцягнуць» значна больш і адказаць, прынамсі часткова, на розныя пытанні, якія нас, безумоўна, могуць цікавіць адносна гэтай падзеі4.
Па-першае, ці большаць вернікаў або царкоўнай эліты былі супраць уніі? Ці, наадварот, асуджэнне мітрапаліта Ісідара было толькі палітычным рашэннем вялікага князя Маскоўскага? На жаль, каб даць адназначны адказ, гістарычных крыніц не хапае. Аднак, напрыклад, існуе дакумент «Смиренного инока Фомы Слово похвальное ο благоверном великом князе Борисе Александровиче», у якім у паэтычна-алегарычнай форме ўсхваляецца вялікі князь Цверскі, як самадзержац усёй Русі. Слово напісана з перабольшваннямі і без захавання гістарычнай праўды, але падзеі Фларэнтыйскага Сабору прадстаўлены як нешта пазітыўнае, і сувязь Цверскага князя з гэтымі падзеямі з'яўляецца нагодай для пахвалы.
Іншы цікавы факт знаходзім у Пскоўскіх летапісах, што мітр. Ісідар замяніў свайго намесніка для Пскова — восенню 1440 г. адазваў папярэдняга, а ў студзені 1441 г. прыслаў наступнага. Гэта значыць, што ягоная ўлада незадоўга перад арыштам тут успрымалася як звычайна5.
Таксама даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што найбольш вядомы антыўнійны пісьменнік, збеглы ўдзельнік дэлегацыі, Сімяон Суздальскі адразу скіраваўся ў Ноўгарад і не спяшаўся ў Маскву, каб падзяліцца сваімі поглядамі, відавочна, асцерагаючыся пакарання за свае паводзіны6.
Такім чынам, можна з пэўнай верагоднасцю меркаваць, што, хаця на паўночна-ўсходніх землях Русі (Ноўгарад, Пскоў, Цвер, Масква, Уладзімір) не было вялікай зацікаўленасці уніяй, і палітычныя абставіны да гэтага не «падштурхоўвалі», аднак і рэзкай варожасці не было — такой, якая з'явілася падчас арышту Ісідара ў Маскве і пасля гэтага. Якая ж тады магла быць прычына рэзкага «пералому» ў свядомасці маскоўскай царкоўнай і дзяржаўнай эліты?
Польскі гісторык А. Лявіцкі бачыць царкоўную свядомасць на гэтых землях як у вялікай ступені кансерватыўную7. Напрыклад, было перакананне, што восьмы Сусветны Сабор немагчымы, бо заўсёды іх было сем (лічба дасканалай паўнаты); узгадваць Рымскага Папу немагчыма, бо заўсёды ў гэтым месцы ўзгадваўся Патрыярх. І падобным чынам адносіліся да ўсяго, што бачылі новага ў дзеяннях Ісідара, як на адыход ад веры праваслаўнай. Аднак гэтая ж самая кансерватыўнасць змушала да паслушэнства Ісідару, бо заўсёды былі паслухмяныя мітрапалітам, якіх прысылалі з Канстанцінопаля. Абапіраючыся на пазнейшае сведчанне самога Ісідара, які распачаў у Рыме судовы працэс супраць біскупа Віленскага, можна меркаваць, што менавіта факт непрызнання ўлады Ісідара, як апостальскага легата, лацінскімі біскупамі Вільні і Рыгі і непрызнанне імі Фларэнтыйскай уніі меў рашучы ўплыў на свядомасць епіскапа Аўрамія Суздальскага, удзельніка дэлегацыі, і ўсёй маскоўскай эліты, каб так рашуча выступіць супраць грэчаскага мітрапаліта. Пацвярджаючы гэтую гіпотэзу, А. Лявіцкі аналізуе далейшы лёс пасады мітрапаліта ў Маскве — толькі ў 1448 г., пасля сямі гадоў вакантнасці, у Маскве рашыліся паставіць свайго мітрапаліта-наступніка без выразнай згоды Патрыярха Канстанцінопаля.
Канешне, варта прыгадаць, што гістарычных крыніц, якія да нас дайшлі, недастастаткова, каб з абсалютнай дакладнасцю адлюстраваць прычыны гэтых падзей і стаўленне вернікаў да іх.
Бр. Яраслаў Крыловіч - ІІ Сафійскі летапіс (ПСРЛ, том 6, Спб 1853), с. 161 (166) — 163 (168); «Исидоров Собор и хожение его» (Повесть Симеона Суздальца о восьмом Соборе) – гл. розныя версіі і рэдакцыі ў О. Л. Новикова "Формирование и рукописная традиция 'Флорентийского цикла'", 2010 – Приложение 2: с. 112-115, 132-135, 195-198; «Послание великого князя Московского Василия II Васильевича Константинопольскому патриарху» – гл. Акты исторические, том.1, с.73(93)-75(95); «Послание от Святая горы (Афон) на Русь к благоверному князю Василию Василевичу» і адказ князя на гэта пасланне – гл. Летопись занятий Археографической комиссии, 1864 год. Вып.3, с.28приложения(345)-36приложения(353); «Послание митрополита Ионы Киевскому князю Александру Владимировичу» – гл. Акты исторические, том.1, с.94(114)-96(116); і «Послание митрополита Ионы к литовским епископам».
- Пар. Митр. Йосиф Сліпий «Історія вселенської Церкви на Україні», Том 4, с.17(29)-19(31); Б. Гудзяк «Криза і реформа», с. 61 (77)
- Напрыклад, манаграфія: О. Л. Новикова "Формирование и рукописная традиция 'Флорентийского цикла'", 2010.
- Напр., A. Lewicki «Unia florencka w Polsce» w «Rozprawy Akademii Umijętności...», сер.2, т.13, с. 237 (240) — 242 (245), 248(251) – 250(253); Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Флорентийская уния и Восточная Европа.
- Гл. Псковские летописи. Вып.1, с.75(108).
- Пар. Голубинский Е. Е. «История Русской Церкви», т.2, ч.1, с. 451(1-я зноска); Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Флорентийская уния и Восточная Европа.
- Гл. A. Lewicki «Unia florencka w Polsce» w «Rozprawy Akademii Umijętności...», сер.2, т.13, с. 248(251) – 249(252).
|