Вяртаючыся з Ферара-Фларэнтыйскага Сабору, мітрапаліт Ісідар амаль цэлы год прысвяціў наведванню епархій Рускай мітраполіі на землях Літвы і Польшчы, абвяшчаючы царкоўнае паяднанне паміж католікамі і праваслаўнымі.
Варта прыгадаць, што Руская праваслаўная мітраполія ў палове XV ст. яшчэ заставалася непадзеленай царкоўнай адзінкай, падпарадкаванай Канстанцінопальскаму патрыярху, хаця фактычна ўжо на прагягу двух стагоддзяў існавала ў межах трох дзяржаў: Літвы, Польшчы і паўночна-ўсходніх рускіх княстваў, залежных ад Залатой Арды. Мітрапаліты мелі рэзідэнцыю ў Маскве, але называліся мітрапалітамі Кіеўскімі і ўсяе Русі.
Да Сабору мітрапаліт Ісідар, улічваючы палітычную сітуацыю, не меў магчымасці наведаць праваслаўных Літвы і Польшчы. Падчас Ферара-Фларэнтыйскага Сабору Ісідар адыграў выбітную ролю ў справе падпісання царкоўнага паяднання паміж католікамі і праваслаўнымі і сапраўды быў гарачым прыхільнікам уніі. Таму ён атрымаў ад Папы Яўгена IV усе магчымыя паўнамоцтвы для рэалізацыі пастановаў Сабору: годнасць кардынала і пасаду легата (асабістага прадстаўніка) Папы для Польшчы, Літвы і Лівоніі.
Дэлегацыя, на чале з мітрапалітам Ісідарам, якая вярталася з Сабору, значна паменшылася ў колькасці: хтосьці памёр ад эпідэміі ў Ферары, хтосьці адлучыўся і паехаў наўпрост дадому. Але епіскап Суздальскі Аўрамій, галоўны прадстаўнік ад рускага духавенства, быў разам з мітрапалітам аж да Вільна, большую частку падарожжа1. Мітрапаліт Ісідар загадзя разаслаў да сваіх вернікаў славянскі пераклад Пастановаў Сабору2 і сваё Навакольнае Пасланне3, у якім, між іншым, пісаў:
«Па Божай міласці Ісідар, пасвечаны арцыбіскуп усяе Русіі, ад Апостальскага Пасаду Легат Польскі, Літоўскі і Нямецкі, усім і кожнаму хрыставерным, з павялічэннем веры вечнае збаўленне ў Госпадзе.
Узрадуйцеся і ўзвесяліцеся цяпер усе, бо цэрквы ўсходняя і заходняя, якія столькі часу былі падзеленыя і адна да другой варожыя, а цяпер сапраўдным злучэннем аб'ядналіся ў першапачатковае сваё адзінства (…). Усе ж хрыстаіменныя людзі, як Лаціняне, так і Грэкі, і тыя, што падпарадкоўваюцца Канстанцінопальскай Царкве, менавіта, Русы, Сербы, Румыны і іншыя хрысціянскія народы! Прыміце гэтае ж святапрасвятое адзінства з вялікай духоўнай радасцю і пашанай (…). І калі Грэкі знаходзяцца ў Лацінскай зямлі, або дзесьці ў іх зямлі ёсць лацінская царква, то няхай усе ходзяць на [іх] Боскую службу і Целу Ісус Хрыстоваму пакланяюцца (…), і на пакаянне няхай да лацінскіх святароў прыходзяць і Цела Божае ад іх прымаюць. А Лаціняне павінны ў іх [грэчаскія] цэрквы хадзіць і Боскія службы слухаць, з цёплай вераю пакланяцца таму ж Ісус Хрыстоваму Целу, бо яно таксама святое ёсць ад грэчаскага святара ў квасным хлебе, як ад лацінскага святара ў прэсным хлебе (…). А Лаціняне няхай прыходзяць на пакаянне да грэчаскіх святароў і Прычасце Божае ад іх прымаюць, таму што абодва тое самае ёсць (...)».
Заехаўшы на землі Польскага каралеўства, мітрапаліт Ісідар перадусім сам паказальна выконваў тое, аб чым пісаў у сваім Пасланні: адслужыў Боскую Літургію ў грэчаскім абрадзе ў касцёле ў Сончу, а потым у катэдры ў Кракаве4. Бікуп Кракаўскі Збігнеў Алясніцкі, які ў гэты перыяд трымаў у сваіх руках таксама палітычную ўладу ў Польшчы (бо каралю споўнілася толькі 15 год), прыняў Ісідара з належнай пашанаю5. Аднак на самой справе стаўленне біскупа Кракаўскага і польскага духавенства да абвяшчэння Ісідарам роўнасці паміж Цэрквамі Лацінскай і Грэчаскай (у тым ліку таксама і Рускай) не было такім пазітыўным, і актыўна падтрымліваць пастановы Ферара-Фларэтыйскага Сабору яны не збіраліся. Па-першае, чыста з чалавечага пункту гледжання цяжка было ў адзін момант прызнаць роўнымі тых, якіх на працягу стагоддзяў, паводле тагачаснай ментальнасці, па сутнасці не лічылі нават хрысціянамі (як схізматыкаў)6. Па-другое, сярод саміх каталіцкіх духоўных і вернікаў яшчэ трываў падзел і няпэўнасць, які Папа сапраўдны: Яўген IV ці Фелікс V (антыпапа). Бо ў гэты самы час адбываліся адначасова два Саборы, якія называлі сябе «каталіцкімі» і «сусветнымі» і сябе ўзаемна анафемствавалі — Ферара-Фларэнтыйскі і Базельскі7. У гэтым кантэксце пазіцыя полькага духавенства і каралеўскага двору была разважліва-дыпламатычнай: не чынілі перашкодаў для мітрапаліта Ісідара, але і не выказваліся дзейснай падтрымкай уніі.
Пасля Ісідар прыбыў у Галіцыю, якая знаходзілася ў межах Польскага каралеўства. Наведаў праваслаўных вернікаў у Перамыслі, Львове, Галічу, Холме, усюды абвяшчаючы унію з католікамі, цэлебруючы супольныя набажэнствы і вырашаючы некаторыя мясцовыя царкоўныя праблемы ўладаю мітрапаліта. Не маем захаваных з таго часу дакументаў, якія б адназначна сцвярджалі або выразнае непрыняцце уніі, або выразную радасць з яе падпісання. Хутчэй за ўсё рэакцыя была памяркоўная.
Прабыўшы ў межах Польшчы чатыры месяцы, мітрапаліт Ісідар прыбыў у Вялікае княства Літоўскае і найперш скіраваўся да Вільна. У другой частцы нашага артыкула «скіруемся» і мы ўслед за ім. Бр. Яраслаў Крыловіч - Гл. «Хождение на Флорентийский Собор», нататкі невядомага суздальца са світы еп. Аўрамія.
- 2-гі Сафійскі летапіс (ПСРЛ, том 6, Спб 1853), с. 156 (161) — 158 (163), ад слоў: «Еугеней епископъ, рабъ рабомъ Божіимъ...»
- 2-гі Сафійскі летапіс (ПСРЛ, том 6, Спб 1853), с. 159 (164) — 160 (165), ад слоў: «Милостью Божіею Сидоръ, пресвященый архіепископъ всея Русіи...»
- Аб падарожжы мітр. Ісідара праз Польшчу і Літву гл. напр.: сучасны уніяцкі гісторык Б. Гудзяк «Криза і реформа», с. 59-60 (75-76); сучасны правасл. гісторык Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Флорентийская уния и Восточная Европа.
- Пар. Jana Długosza Kroniki, Warszawa 2009, ks.12, с. 246 (250) — 247 (251).
- Пар. K. Chodynicki «Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska: 1370-1632», с. 76(102)-77(103).
- Пар. Каталіцкая энцыклапедыя — Базельский собор.
|