Як было сказана ў папярэднім артыкуле, па палітычных прычынах у складзе вялікай дэлегацыі ад Рускай мітраполіі адсутнічалі прадстаўнікі з земляў Літвы і Польшчы, а былі толькі дэлегаты з паўночна-ўсходняй Русі, пераважна з княства Маскоўскага. Як яны перажывалі падзеі ва Фларэнцыі? Якая была іх роля на Саборы?
Лацінскія і грэчаскія крыніцы, якія апісваюць дзеянні Сабору, нічога не кажуць аб дзеяннях рускай дэлегацыі. Толькі Генадзій Схаларый, адзін з грэчаскіх удзельнікаў Сабору, пакінуў невялікую заўвагу аб невуцтве прадстаўнікоў рускай дэлегацыі і іх няздольнасці зразумець сутнасць дагматычнай дыскусіі1. Гэта можа сведчыць аб тым, што сярод усходнеславянскіх прадстаўнікоў не было аніводнага, хто атрымаў бы тэалагічную адукацыю ў Візантыі або меў вопыт манаскага жыцця ў грэчаскіх манастырах. Але, як здаецца, фактам найважнейшым з'яўляецца наяўнасць подпісу епіскапа Суздальскага пад канчатковым дэкрэтам уніі (адзіны подпіс на славянскай мове пасярод грэчаска-лацінскага тэксту): Смиренный епископ Авраам суждальскый подписаю. Хаця адзін з прыбліжаных епіскапа пісаў пазней, што Аўрамія мітрапаліт Ісідар трымаў у вязніцы, каб пераканаць да падпісання уніі, аднак большасць сучасных гісторыкаў, аналізуючы ўсе факты, схіляюцца да высновы, што насілля не было2. Да нас не дайшло аніводнай крыніцы, дзе б сам епіскап Аўрамій сведчыў аб прымусовым падпісанні, хоць пазней ён і адрокся ад уніі.
Што нам яшчэ вядома аб удзеле рускай дэлегацыі? Уся яна прысутнічала на апошняй урачыстай святой Імшы, падчас якой была абвешчана унія. Фама, пасол Цверкага князя, пры гэтым прыслугоўваў як міністрант і падаў Папу ваду для абмыцця рук. Гэты ж пасол Фама яшчэ раней атрымаў ад Папы Яўгенія IV охранную грамоту і матэрыяльную дапамогу на самастойнае падарожжа назад3. Таксама вядома, што сіламі дэлегацыі быў зроблены славянскі тэкст Грамоты Флорентийского Собора і ў выглядзе лаціна-грэка-славянскага дакумента быў падпісаны Папаю і кардыналамі4.
Каб дакрануцца да жывых сведчанняў удзельнікаў рускай дэлегацыі на Саборы, варта прачытаць некалькі ўспамінаў з гэтага падарожжа, якія захаваліся. Адзін з іх, «Хожение Авраамия Суздальского на Восьмой Собор», хутчэй за ўсё напісаў сам епіскап. Хоць у фрагментах, якія захаваліся, нічога не гаворыцца аб Саборы, аднак тэкст перадае добразычлівае стаўленне епіскапа да заходняй рэнесансавай пабожнасці. Іншы тэкст, «Хождение» невядомага суздальца5, з'яўляецца падрабязным дзённікам падарожжа рускай дэлегацыі, напісаным свецкім аўтарам са світы епіскапа Аўрамія. Тут таксама прасочваецца добразычлівае стаўленне да заходніх хрысціянаў, да Сабору і яго пастановаў, хаця аўтар не закранае тэалагічных тэмаў.
Найбольш, аднак, вядомым і перапісаным пазней у розных версіях з'яўляецца ўспамін святара Сімяона Суздальскага, які стаўся перакананым супраціўнікам фларэнтыйскага паяднання з Каталіцкім Касцёлам. Ён таксама быў у свіце еп. Аўрамія, а пісаў перадусім з пункту гледжання святара і верніка. Больш ранняя версія, верагодна напісаная ім адразу пасля вяртання на Русь, мае назву «Исидоров Собор и хожение его»6. Варта адзначыць, што шмат з прыведзеных аўтарам фактаў не адпавядаюць гістарычнай рэчаіснасці, што лёгка даказваецца, калі параўноўваць з іншымі апісаннямі Сабору, нават аўтарства супраціўнікаў уніі. Многія гісторыкі лічаць гэты твор (а тым больш пазнейшыя яго версіі) ідэалагічнай фальсіфікацыяй. Гэта, аднак, не памяншае карыснасці гэтага твору для вывучэння і зразумення тагачаснай свядомасці вернікаў і прычын непрыняцця уніі праваслаўнымі7.
Вось некалькі высноваў, якія могуць з'явіцца падчас разважання над вышэй згаданымі ўспамінамі і іншымі фактамі. Звяртае на сябе ўвагу пэўная ўражлівасць аўтараў на «чужое», «іншаземнае», што адбіваецца на ўжываных выразах: рускія церкви, але ў іх божницы, рускія епископы, а ў іх біскупы і г.д., або пра Папу - «в рогате клобуце седящу» (востраканечная мітра Папы ўспрымалася як «рагатая»). Таксама і адносна мітрапаліта Ісідара сустракаем характэрныя заўвагі, напр.: «по божницам ходя приклякает, как и прочие фрязове (=італьянцы), и повелевает и нам такожде». Здаецца, што сустрэча з іншай формай хрысціянскай пабожнасці, іншай культуры выклікала ў рускіх прадстаўнікой змешаныя пачуцці: і захапленне, і непрыняцце. Таму па-чалавечы іх сэрцы схіляліся ўспрымаць «чужое» як спакусу, як здраду «свайму праваслаўнаму». Хутчэй за ўсё, прадстаўнікі Рускай мітраполіі не былі ані катэгарычна супраць прынятых пастановаў Сабору, ані цалкам «за». Аднак пазней, сустракаючыся з грэчаскімі епіскапамі, якія паступова адракаліся ад сваіх подпісаў, а асабліва — з актыўнымі пропаведзямі Марка Эфескага супраць уніі, яны па дарозе дамоў паступова гублялі перакананне, што паяднанне сапраўды адбылося.
Таму так важна паводле даступных крыніц прасачыць крок за крокам гэтую дарогу дамоў і першыя ўражанні ад Фларэнтыйскай уніі на ўсходнеславянскіх землях. Гэтаму і будуць прысвечаны нашыя наступныя разважанні. Бр. Яраслаў Крыловіч - Пар. Чубатий М. "Історія християнства на Руси-Україні", т.2, ч.1, с. 171-172; 175; Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Восточная Европа и Флорентийский собор.
- Гл. напр.: Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви", 2007 – Восточная Европа и Флорентийский собор; Зимин А. А. "Витязь на распутье" – Флорентийская уния; Гаврилов М. Н. "Ферраро-Флорентийский Собор и Русь".
- Грамота охранная (salvus conductus) папы Римского Евгения IV послу русскому Фоме...; пар. Абеленцева О. А. «Охранная грамота папы Римского Евгения IV послу русскому Фоме».
- Пар. Ломизе Е. М. «Письменные источники сведений о Флор. унии...» в «Россия и христианский Восток. Вып.1», с. 69 (70); сам тэкст граматы можна прачытаць у 2-м Сафійскім летапісу (гл. ПСРЛ, том 6, Спб 1853, с. 156 (159) - 158 (161).
- А таксама ячшэ адзін успамін гэтага ж аўтара з гэтага ж падарожжа - «Заметка о Риме».
- Приложение 2 в Флоря Б. Н. "Исследования по истории Церкви".
- Пар. напр. даследванні Ломизе Е. М. «К вопросу о восприятии Ферраро-флорентийского собора русской делегацией» в «Славяне и их соседи», с. 140 (141) - 152 (153); Кириллин В. М. «'Чужое' в древнерусских сказаниях о Ферраро-флорентийском соборе».
|