Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І) |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча |
17.12.2014 11:39 |
Пасля серыі артыкулаў на тэму лёсу Фларэнтыйскай уніі ў Візантыі, варта засяродзіцца над тым, якім чынам усе згаданыя падзеі датычыліся хрысціянства на нашых землях, які мелі ўплыў на нашу гісторыю. Працягваючы разважанні артыкула «Русь у XIII-XIV ст.» і ўлічваючы, што ў тыя часы рэлігіны выбар людзей быў моцна злучаны з пачуццём народнай прыналежнасці, не можам не задаць сабе пытання: які ж народ тады жыў на тэрыторыі сучасных межаў Беларусі і якую ён меў веру? На жаль, на падставе апрацаваных гістарычных крыніц, дакладнага і адназначнага адказу даць пакуль не атрымалася. Сучасныя гісторыкі вымушаны запаўняць «прабелы» ў крыніцах сваёй інтэрпрэтацыяй, якая звычайна не бывае пазбаўлена ідэйнай афарбоўкі. Геаграфічна можна было б злучыць (вельмі ўмоўна) літоўскі народ з заходняй часткай сучаснай Беларусі і ўсходняй і цэнтральнай часткай сучаснай Літвы. Але адначасова паводле іншых крыніц гэтыя ж самыя землі ўзгадваюцца як рускія2. У канцы XIV ст. можна назіраць агульную палітычную залежнасць рускіх ад літоўскіх князёў, і пры гэтым, наадварот, культурную залежнасць і зрусіфікаванасць літоўскага народу3. Адносна веры рускіх крыніцы амаль заўсёды акрэліваюць іх як праваслаўных (ці грэчаскай веры). Аднак нельга казаць пра густую парафіяльную сістэму ў тыя часы4, таму можна меркаваць, што па-за межамі рускіх гарадоў пражывала тады яшчэ шматлікае язычніцкае насельніцтва. Адносна літоўцаў на той час няма адназначнасці, што сведчыць аб рэлігійнай нерашучасці літоўскіх элітаў. Хутчэй за ўсё большасць былі язычніцкай веры, але значная частка ўжо прыняла праваслаўе. Нельга забываць і аб тым, што яшчэ ў 1251 годзе адбыўся афіцыйны хрост Літвы ў каталіцкую веру, таму гэтая канфесія таксама паралельна прысутнічала сярод літоўцаў, хоць той хрост пры Міндоўгу не меў трывалых наступстваў5. Канфесійная сітуацыя ў Вялікім княстве Літоўскім значна змянілася пасля 1386 г., калі вялікі князь Ягайла ўзяў шлюб з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём Польшчы. Дзве дзяржавы аб’ядноўваліся ў пэўны саюз, а рыма-каталіцкая канфесія абвяшчалася дзяржаўнаю6. Адбыўся хрост Літвы: масава былі ахрышчаныя літоўцы-язычнікі, а таксама тыя, хто добраахвотна хацеў прыняць рыма-каталіцкую веру, але раней былі ахрышчаныя ў праваслаўі. Не было пераследу праваслаўных, але ствараліся пэўныя абмежаванні. Усе галоўныя прывілеі і большыя магчымасці кіравання дзяржавай прадстаўляліся рыма-католікам, якіх колькасна было яшчэ вельмі мала7. Здаецца відавочным, што гэта важная змена ў Вялікім княстве Літоўскім не была наступствам толькі асабістага рашэння Ягайлы ці выпадковага збегу палітычных абставінаў. Значная частка літоўскай эліты, якая праз некалькі стагоддзяў вагалася ў сваім рэлігійным выбары, выбрала заходняе хрысціянства і яго духоўна-культурную спадчыну. Адначасова значная частка рускай эліты вырашыла быць вернай грэчаскай веры продкаў і захаваць візантыйскую духоўна-культурную спадчыну. Акрэсліўся моцны падзел у грамадстве, бо ў тыя часы міжканфесійныя адносіны не былі талерантнымі. Шматлікія каталіцкія крыніцы тых часоў ставілі вартасць праваслаўнай веры нароўні з яўрэйскай сінагогай і пераход з праваслаўя ў Літве адбываўся праз паўторны хрост8. Падобным чынам жорстка выказваліся і праваслаўныя дакументы адносна рыма-каталіцкай канфесіі. Палітычныя супрацьстаянні, якія часта мелі збройны характар, былі моцна звязаныя з рэлігійнай матывацыяй, таму заўсёды гэта было пагрозай для існавання ўвогуле Вялікага княства Літоўскага як дзяржавы. Прыведзеныя асаблівасці існавання народаў і канфесій у ВКЛ стваралі выключныя ўмовы, каб паважна задумацца над існуючым падзелам паміж хрысціянамі і шукаць шляхоў для яго пераадолення. Таму зусім натуральным з’яўляецца тое, што адразу пасля дынастычнай уніі 1386 г. і хросту Літвы, на гэтым землях з’явіліся і пастаянна паўтараліся спробы дасягнуць падпісання царкоўнай уніі. У наступнай частцы артыкула ўзгадаем пра тры такія ініцыятывы на пераломе XIV – XV ст.
|
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com |