Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Русь у XIII-XIV стст. Адносіны да уніі
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
15.02.2014 15:33

Кіеўская мітраполія, якая ахоплівала хрысціянаў на ўсходнеславянскіх землях, падпарадкоўвалася Канстанцінопальскаму патрыярхату. Цесныя адносіны з патрыярхамі працягвалі захоўвацца, а пасаду мітрапаліта часта займалі біскупы не мясцовага паходжання, а з іншых краін, напрыклад грэкі.

У час Ліёнскай уніі (1274 — 1282) Кіеўскім мітрапалітам быў Кірыл ІІ, які ўзначальваў рускую Царкву ўжо доўгі час і быў адданым пастырам. Хаця некаторыя гісторыкі прадстаўлялі яго як супраціўніка уніі з Захадам, аднак, як слушна заўважыў у сваім даследванні а. Іаан Мейендорф, гістарычныя факты не пацвярджаюць гэтага1. Мітрапаліт Кірыл, як і іншыя рускія іерархі таго часу, не быў супраць перамоваў адносна уніі, хаця менавіта ад Ліёнскай уніі, магчыма, не спадзяваўся трываласці. У гэтым часе ён заняў адносна яе нейтральную пазіцыю: не выказваўся актыўна ані супраць, ані ў яе падтрымку. Фактам з'яўляецца толькі тое, што ён працягваў падтрымліваць адносіны з уніяцкім патрыярхам Іаанам Веккам, а нават звяртаўся да яго, каб атрымаць аўтарытэтныя выясненні па некаторых кананічных пытаннях, пасылаючы для гэтага ў Канстанцінопаль біскупа Феагноста2.

Мітрапаліт Кірыл, хаця і надалей называўся «мітрапалітам Кіеўскім», значную частку свайго служэння правёў у паўночна-ўсходняй Русі, шукаючы апоры перадусім у князя Уладзімірскага. Яго наступнік мітрапаліт Максім ужо афіцыйна перанёс сваю рэзідэнцыю ва Уладзімір, а наступны пасля яго мітрапаліт Пётр — у Маскву, запавядаючы для ўсіх далейшых наступнікаў гэтае месца як сядзібу Кіеўскіх мітрапалітаў3.

У XIV стагоддзі падзеленая на дробныя княствы Русь паступова аб'ядналася ў трох рэгіёнах. Усходнія славяне Галіцыі страцілі незалежнасць і ўвайшлі ў склад Польскага каралеўства, дзе працягвалі захоўваць сваю веру. Іншыя княствы ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага — спецыфічнай дзяржавы, якая шмат у чым пераняла развітую культуру Русі, але  ўладары якой выразна не акрэсліліся рэлігійна — вагаліся паміж паганствам і хрысціянствам, заходнім ці ўсходнім4. Нарэшце, сярод паўночна-ўсходніх княстваў узвышалася Масква.
 
Як адзначае ў сваёй манаграфіі а. Барыс Гудзяк, вядомы грэка-каталіцкі даследчык (а з 2012 г.  — біскуп УГКЦ), пад канец XIV ст. было відаць, што царкоўны цэнтр для ўсходніх славянаў перамясціўся на паўночны ўсход, а дакладней — у Маскву5. Хаця літоўскія князі і намагаліся аб'яднаць усе рускія землі ў межах Літвы, аднак іх рэлігійная няпэўнасць, як здаецца, была галоўнай для гэтага перашкодаю, прынамсі ў галіне царкоўнай. Паўночна-ўсходняя Русь у плане рэлігійным была больш аднастайная: як князі, так і народ былі адной веры. Хаця гэтыя землі належалі да Залатой Арды, аднак мангола-татары не мяшаліся ў справы духоўныя, а ў дадатак, узмацненне Масквы стварала пэўныя надзеі на тое, што панаванне іншаземцаў з'яўляецца толькі часовым.

У канцы XIV ст., пасля падпісання ў Крэве палітычнай уніі паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам, рэлігійная сітуацыя ў Літве змянілася на карысць рыма-каталіцкай канфесіі. Падрабязней пра гэта будзе гаворка ў наступных артыкулах, але тут варта адзначыць першы факт перамоваў адносна падпісання царкоўнай уніі на Русі. Кароль Ягайла ў 1396 годзе (заўважма, як бы юбілей: 200 год перад Берасцейскай уніяй) звярнуўся да мітрапаліта Кіпрыяна, які прыехаў з Масквы наведваць вернікаў, з прапановаю склікання на Русі сабору адносна уніі з Рымам6. Мітрапаліт не быў супраць, але хацеў гэтую справу ўзгодніць з Канстанцінопальскім патрыярхам. Патрыярх жа адпісаў каралю Ягайлу, што таксама прагне царкоўнага адзінства, але цяжкія ваенна-палітычныя абставіны ў Кастанцінопалі цяпер перашкаджаюць яму арганізаваць сабор на Русі.

Вельмі магчыма (і да гэтай думкі, напрыклад, схіляецца ў сваёй манаграфіі а. Іаан Мейендорф), што мітрапаліт Кіпрыян, дарэчы, шанаваны праваслаўнымі як святы, актыўна падтымліваў ідэю унійнага сабору і ацэньваў нетыповы для тых часоў факт паўстання дзвюхканфесійнай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага – як вельмі спрыяльную акалічнасць для аб'яднання падзеленых хрысціянаў Захаду і Усходу7.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. прот. Иоанн Мейендорф «Византия и Московская Русь», гл. ІІ-2.
  2. Пар. там жа.
  3. Пар. Б. Гудзяк «Криза і реформа», с. 4-5 (20-21).
  4. Пар. Правасл. Энцыклапедыя, Гедимин
  5. Пар. Б. Гудзяк «Криза і реформа», с. 6-7 (22-23).
  6. Пар. Правасл. Энцыклапедыя, Владислав (апошні абзац); прот. Иоанн Мейендорф «Византия и Московская Русь», гл. X-3; архиеп. Афанасий (Мартос) «Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни», ч.2, гл.2, п.8 — Путешествие митрополита в Москву.
  7. Пар. прот. Иоанн Мейендорф «Византия и Московская Русь», гл. X-3.

 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння