Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Самасвядомасць біскупаў Рыма першага тысячагоддзя (частка ІI)
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
06.08.2012 15:21

У V стагоддзі пасад Апостальскай Сталіцы заняў св. Леў І Вялікі — выдатны тэолаг і мудры пастыр — першы Доктар Касцёла на рымскай катэдры. Яго заслугай з’яўляецца, між іншым, і тое, што ён выклаў перанятую ад сваіх папярэднікаў самасвядомасць біскупаў Рыма у выглядзе стройнага тэалагічнага навучання.

Выходзячы ад асаблівай ролі, прызначанай Панам Езусам св. Пятру ў Калегіі Апосталаў і Паўсюдным Касцёле (падрабязней глядзі тут), Леў Вялікі сцвярджае1, што яна не з’яўляецца прызначэннем толькі часовым, на перыяд зямнога жыцця Князя Апосталаў. Хаця св. Пётр і цяпер працягвае сам асабіста нябачна кіраваць Хрыстовым Касцёлам, аднак жа бачна чыніць ён гэта праз сваіх наступнікаў на Рымскім Пасадзе. Пры гэтым сувязь біскупаў Рыма з Вярхоўным Апосталам вельмі цесная — і па глыбіні, і па выніках дзейнасці, якая па сваёй сутнасці застаецца Пятровай, нават нягледзячы на асабістыя недахопы біскупа Рыма. Тое, што св. Леў адносіць да Пятра, адносіць ён і да яго наступнікаў — саўдзел ва ўладзе Хрыста над Паўсюдным Касцёлам. Няма аніводнай часткі Касцёла, ані дзейнасці, якая б не падлягала гэтаму саўдзелу. Такім чынам, кожны, хто непаслушэнствам пасягае на аўтарытэт Апостальскай Сталіцы, тым самым адлучае сябе ад св. Пятра, на цвярдыні якога пабудаваны Касцёл. Гэта азначае, што такі «перапоўнены духам пыхі пагружае сам сябе ў пекла»2.

Святы Леў Вялікі ў сваім навучанні спалучае сусветную гісторыю з Божым планам збаўлення ўсяго чалавецтва. Божы Провід дапусціў так вырасці свецкай моцы паганскага Рыма, каб на месцы заснавальніка «Вечнага Горада» братазабойцы Ромула сеў «Рыма першы біскуп»3  Апостал Пётр, і такім чынам праз перамогу Хрыстовага Крыжа паўстаў новы Рым — сталіца хрысціянскага сусвету4, непараўнальна больш магутная і непарушная. У гэтым св. Леў не прыдумвае нічога новага, а толькі працягвае і глыбей раскрывае традыцыю сваіх папярэднікаў. Напрыклад, ужо задоўга да яго пантыфікату было ўстаноўлена свята Пятра і Паўла менавіта на дзень 29 чэрвеня, які ў паганскія часы быў святам Ромула і Рэма — заснавальнікаў «Вечнага Горада».

У кантэксце вышэйсказанага становіцца зразумелым, чаму св. Леў выступіў супраць прыняцця Халкідонскім Саборам 28-га канона, які абвяшчаў Канстанцінопаль Новым Рымам, другой сталіцай Каталіцкага Касцёла. У яго вачах гэта было вяртаннем да прынцыпаў старога сусвету перад Хрыстом, калі палітычная моц вырашала ўсё. Паводле св. Льва цяпер, пасля перамогі над Рымам паганскім не моцай гэтага свету, а моцай Крыжа і крывёю святых мучанікаў, Пан Бог ужо ўстанавіў новы Рым (новы хрысціянскі на месцы старога паганскага), і месца гэта не можа змяняецца ад палітычных плыняў гэтага свету, але ўцверджана на мучаніцтве св. Пятра і Паўла і на пераемстве служэння св. Пятра — скалы Касцёла. «Апрача гэтай скалы, якую Пан паклаў падмуркам Касцёла, — піша св. Леў да імператара Марцыяна ў сувязі з узвышэннем патрыярха Канстанцінопаля, — не выстаіць аніводны іншы будынак»5.

Навучанне св. Льва Вялікага аб ролі біскупа Рыма было вядома на Захадзе і Усходзе. Аб тым, што яно ўспрымалася з павагай таксама ў Візантыі, сведчыць праваслаўны тэкст службы на ўспамін св. Льва (18 лютага). Пачынаецца яна словамі: «Як цябе назавем, боганатхнёны? Ці не галавою Праваслаўнай Царквы Хрыстовай?»6. Далей таксама можна ўбачыць водгукі яго навучання: «Пятра вярхоўнага пасада ты быў нашчадак…», «Вялебнага Пятра наступнік, і ўзбагаціўся ягоным начальніцтвам…»7. Якраз пантыфікат св. Льва І можа служыць адным з найлепшых прыкладаў у гісторыі Касцёла, калі такая моцная свядомасць першынства біскупа Рыма служыла як найлепш узмацненню адзінства паміж хрысціянамі розных культур і народаў.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. На жаль, вельмі мала існуе даступных у Інтэрнэце перакладаў св. Льва на славянскія мовы. Некаторыя фрагменты можна знайсці ў кнізе Задворный В., Сочинения Римских Понтификов, глава 2.3.1. Таксама вядомы праваслаўны гісторык В. В. Болатаў у «Лекциях по истории древней Церкви», хаця і крытычна пастаўлены да самасвядомасці Рымскіх пап, але навучанне св. Льва выкладае добрасумленна, у яснай і сціслай форме (пар. стар. 605-607).
  2. Пар. Epistola 10, 1-2
  3. Пар. праваслаўны тэкст службы на свята 12 Апосталаў (стар. 18, 1-я стихира на Хвалитех).
  4. Пар. Задворный В., Сочинения Римских Понтификов, глава 2.3.1.
  5. Epistola 104, 3.
  6. 1-я стихира на Господи воззвах.
  7. 1-я і 6-я песні Канона.


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння