Навучанне св. Льва Вялiкага пра ролю Апостала Пятра ў Касцëле |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча |
12.05.2012 12:54 |
Леў, Папа Рымскi (440–461), ва ўсе часы быў шанаваны як католiкамi, так i праваслаўнымi, як святы пастыр i аўтарытэтны настаўнiк веры. У яго творах знаходзiм таксама ясную навуку пра асаблiвую ролю i заданне Апостала Пятра ў новым Народзе Божым1. У сваiм навучаннi св. Леў Вялiкi паказвае нам Касцëл як адзiную дзяржаву Божую (civitas Dei), сакрамэнтальна аб’яднаную збаўчымi ласкамi так, што стаецца адным Целам. I ў гэтым Целе-дзяржаве, дзе Хрыстус з’яўляецца адзiным Валадаром i Скалой, i крынiцай усiх ласк, Ëн сам устанаўлiвае Апостала Пятра «скалой ад Скалы», «галавой ад Галавы» — бачным для ўсяго народа Божага кiраўнiком над паклiканымi народамi, над Апосталамi i над усiмi Айцамi Касцëла. I хоць Хрыстус устанавiў мноства пастыраў, аднак жа Пëтр, належным толькi яму чынам, кiруе ўсiмi2. Святы Леў не абмяжоўваецца толькi чалавечым разуменнем улады i кiраўнiцтва, але перадусiм бачыць у ролi Пятра сакрамэнт Найвышэйшага святарства (pontifici sacramentum) i лiчыць гэта настолькі важным элементам эканомii збаўлення i iснавання Цела Хрыстовага, што параўноўвае заданне Пятра з галавой у целе i сцвярджае, што анiводная збаўчая ласка не пралiваецца без удзелу князя Апосталаў3. Леў Вялiкi ў сваiм навучаннi сцвярджае, што Апостал Пëтр быў Духам Святым пасланы ў Рым i асвяцiў гэты горад сваëй мучанiцкай смерцю, каб споўнiлiся спрадвечныя планы Божыя i ў сталiцы сусветнай чалавечай iмперыi — аднаго з валадарстваў, якiя прамiнаюць — паўстала сталiца Божага валадарства, якога «сiлы пякельныя не перамогуць» — Касцëла Хрыстовага4. Бр. Яраслаў Крыловіч
|
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com |