Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый памаліўся ў мінскай капліцы, абрабаванай вандаламі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.12.2012 14:25

19 снежня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці наведаў капліцу Маці Божай Будслаўскай у Мінску. Як паведамлялася раней, у ноч з 15 на 16 снежня капліца была абрабавана невядомымі.

Прадстаўнік Святога Айца памаліўся ў зняважанай вандаламі капліцы і выказаў словы салідарнасці пробашчу парафіі Маці Божай Будслаўскай кс. Францішку Рудзю. 

«Я прыехаў сюды, каб гэтым маленькім, але выразным жэстам паказаць блізкасць Папы да кожнай каталіцкай супольнасці — незалежна ад таго, наколькі яна маленькая, і незалежна ад таго, дзе яна знаходзіцца, — сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў размове з карэспандэнтам Сatholic.by, каментуючы акт зневажання мінскай капліцы. — З вялікім болем мы ўспрынялі гэтую навіну, таму што такое дакрананне да святога — гэта быццам глыбокае дакрананне да цела. Адразу было зразумела, што для нашых вернікаў гэтая падзея — вельмі цяжкі і горкі вопыт: перадусім таму, што народ у Беларусі не прызвычаены да такіх здарэнняў, бо гэта народ спакойны і добры, у якога няма такога досведу».

«Мы хацелі выказаць вернікам нашу салідарнасць і блізкасць, маліцца за таго чалавека або людзей, якія ўчынілі гэта, каб яны зразумелі, што падобныя ўчынкі скіраваны супраць людскасці, супраць чалавечай цывілізацыі. А таксама — паказаць, што свята Божага Нараджэння мацнейшае за ўсе няшчасці, якія здараюцца ў жыцці», — дадаў прадстаўнік Папы.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме