Апостальскі нунцый асвяціў ежу на велікодны стол у капліцы Маці Божай Будслаўскай |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
10.04.2012 11:19 |
У Вялікую суботу мінскую парафію Маці Божай Будслаўскай наведаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, каб сустрэцца з парафіянамі і благаславіць стравы на велікодны стол. Капліца была поўная вернікаў, якія з радасцю чакалі сустрэчы з іерархам. Гэта быў першы візіт прадстаўніка Святога Айца ў гісторыі парафіі. Арцыбіскуп Гуджэроцці быў уражаны цёплай, традыцыйна беларускай сустрэчай. Пробашч парафіі кс. Францішак Рудзь, вітаючы нунцыя, нагадаў беларускую прыказку: «Госць у дом — Бог у дом». Іерарх у прамове да вернікаў звярнуў увагу на месцазнаходжанне капліцы і касцёла: «Сярод высокіх будынкаў стаіць маленькі Божы дом, узвышаны на горцы». Прадстаўнік Папы заклікаў глядзець на мясцовую святыню, напаўняцца Хрыстовым супакоем і «быць Хрыстовым святлом, што свеціць з гэтага ўзвышша». Перад асвячэннем страваў арцыбіскуп адзначыў, што «першым запрошаным за велікодны стол павінен быць сам уваскрослы Хрыстус, бо гэта не далёкая ад нас духоўная постаць, не прадмет разважанняў філосафаў; Хрыстус — гэта перш за ўсё частка нашай сям’і». Пасля благаслаўлення страваў, пажаданняў і падзякаў вернікаў арцыбіскуп Гуджэроцці паабяцаў маліцца за парафію, за пробашча, за паспяховае завяршэнне будаўніцтва парафіяльнага касцёла. Апостальскі нунцый таксама падкрэсліў, што беларусы з’яўляюцца «вельмі добрымі людзьмі, адкрытымі душою і гатовымі заўсёды прыйсці на дапамогу», і падзяліўся сваёй радасцю, якую ён атрымлівае падчас работы ў нашай краіне. |
Фотарэпартаж |