Старшыня епіскапату Польшчы падзякаваў Патрыярху Кірылу за падтрымку | Друк |
16.01.2013 11:43

Старшыня епіскапату Польшчы арцыбіскуп Юзаф Міхалік выказаў падзяку Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу за духоўную падтрымку і салідарнасць з хрысціянамі Польшчы ў сувязі з актам вандалізму ў дачыненні да вялікай польскай святыні — абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.

У пасланні на імя Патрыярха арцыбіскуп Юзаф Міхалік адзначае: «Сёння мы з’яўляемся сведкамі хваравітай атмасферы, што ствараюць людзі, якія духоўна заблукалі і не лічацца ні з якой святасцю. Праява талерантнасці да ўсяго, што можа выдумаць хворая і сапсаваная грахом і злом душа, у далейшым нараджае зло, знішчаючы культуру, якая абапіраецца на хрысціянскія каштоўнасці».

Па словах арцыбіскупа, якія прыводзіць сайт Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, у няпростай сітуацыі, характэрнай для сённяшняга еўрапейскага секулярнага грамадства, хрысціяне пакліканы нагадваць пра тое, што адмаўленне ад Бога і Яго запаведзяў у выніку звернецца супраць чалавека і паставіць пад пытанне само існаванне грамадства.

Старшыня польскага епіскапату жадае Патрыярху Кірылу, духавенству і вернікам Рускай Праваслаўнай Царквы моцы ў веры і благаслаўлення ад народжанага Збаўцы.

Блюзнерскі акт у дачыненні да чэнстахоўскай святыні адбыўся 9 снежня 2012 г. у Яснагурскім санктуарыі. Пасля ранішняй святой Імшы мужчына абліў абраз фарбай. Абраз знаходзіцца пад шклом і таму пазбег пашкоджання. З гэтай прычыны Патрыярх Кірыл і старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Іларыён выказалі салідарнасць Касцёлу ў Польшчы.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by