У Бангі падпісалі пагадненне паміж Ватыканам і ЦАР | Друк |
09.09.2016 11:20

6 верасня ў Бангі — сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі — было падпісана Рамкавае пагадненне па пытаннях узаемнага інтарэсу паміж Святым Пасадам і Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай.

Свае подпісы пад дакументам паставілі Апостальскі Нунцый у гэтай краіне мансеньёр Франко Коппала і міністр замежных спраў ЦАР Шарль-Армель Дубан.

Рамкавае пагадненне, якое складаецца з прэамбулы і 21 артыкула, усталёўвае прававыя межы для адносін паміж Касцёлам і дзяржавай, а таксама рэгулюе пытанні агульнай цікавасці. Абодва бакі, захоўваючы ўласцівую ім аўтаномію і незалежнасць, пацвердзілі гатоўнасць супрацоўнічаць дзеля маральнага, духоўнага і матэрыяльнага дабра людзей. Пагадненне ўступіць у сілу пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Варта адзначыць, што Святы Айцец Францішак наведваў Бангі на распачацце ў Каталіцкім Касцёле Юбілейнага Года Міласэрнасці ў лістападзе 2015 года.

Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 
© 2003-2025 Catholic.by