Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік адкрыў Святыя дзверы катэдры ў Бангі
Святы Айцец
30.11.2015 17:25

Бангі, сталіца Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, на адзін дзень стала «духоўнай сталіцай свету»: так назваў яе Папа Францішак 29 лістапада падчас цырымоніі адкрыцця Святых дзвярэй у мясцовым архікатэдральным касцёле – першых у рамках святкавання Юбілейнага Года Міласэрнасці.

У літургіі, якую затым узначаліў Пантыфік, прынялі ўдзел святары, кансэкраваныя асобы і свецкія касцёльныя супрацоўнікі з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі.

У гаміліі Папа нагадаў, што ў справе распаўсюджвання Евангелля фінансавыя магчымасці не з’яўляюцца галоўнымі. «Дастаткова падзяляць жыццё Божага народа, даючы сведчанне аб надзеі, якая ёсць у нас, будучы сведкамі бясконцай міласэрнасці Бога», - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што гэтае пакліканне патрабуе ўдасканалення ў любові да ворагаў і прабачэнні. Папа нагадаў, што евангелізатары павінны быць «першымі рамеснікамі прабачэння, спецыялістамі ў прымірэнні і экспертамі ў міласэрнасці», каб дапамагчы вернікам пераадолець існуючыя праблемы, пазбавіцца пачуцця помсты і выйсці са спіралі насілля.

Збаўленне Бога, па словах Папы, мае водар любові. «Паўсюль, таксама і перш за ўсё там, дзе пануе насілле, нянавісць, несправядлівасць і пераслед, хрысціяне пакліканы даваць сведчанне аб гэтым Богу, які з’яўляецца Любоўю», - сказаў Папа. Неабходна так любіць адзін аднаго, каб гэта прываблівала іншых, дадаў Пантыфік.

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец звярнуўся да ўсіх, хто выкарыстоўвае імя Бога для апраўдання насілля: «Адкладзіце гэтыя прылады смерці; узбройцеся справядлівасцю, любоўю і міласэрнасцю, гэта сапраўдныя гарантыі міру».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.