Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XVIІІ Звычайную нядзелю, Год С (4 жніўня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
01.08.2013 22:16

Каментарый да літургіі

Наша прысутнасць на Эўхарыстыі — гэта знак таго, што мы прагнем духоўнага ўмацавання. Прагнем жыць не толькі зямнымі клопатамі і штодзённымі справамі, але прагнем усё наша жыццё перажываць з Хрыстом. Прагнем напаўняцца Яго лагоднасцю, супакоем і любоўю.

Таму няхай чарговая нядзельная Эўхарыстыя будзе перажыта ў сапраўднай шчырасці і адкрытасці на Божае Слова і Яго прысутнасць.

Каментарый да літургіі слова

Літургія слова вельмі моцна падкрэслівае сапраўдныя каштоўнасці, да якіх павінен імкнуцца чалавек у сваім зямным жыцці.

Эклезіяст скажа, што кожная праца, веды і мудрасць — гэта марнасць. А чаму? Адказ знойдзем у Евангеллі, дзе Езус скажа, што не багацце дае шчасце і сапраўдную радасць, а скарбы, сабраныя перад Богам, духоўныя скарбы.

Святы Павел заклікае пакінуць грахі, якія не даюць нам імкнуцца ў вышыні, імкнуцца туды, дзе чакае нас сам Хрыстус і дзе мы зможам з упэўненасцю сказаць: «Пане, Ты наш прытулак з пакалення ў пакаленне».

Малітва вернікаў

Да Хрыста, які з’яўляецца нашым адзіным скарбам, скіруем нашыя просьбы:

  • За Касцёл ва ўсім свеце, каб адважна сведчыў кожнаму чалавеку аб каштоўнасцях, да якіх заклікае Евангелле.
  • За святароў, каб, напоўненыя дарамі Духа Святога, заўсёды дапамагалі вернікам, якія загубіліся ў жыцці.
  • За хрысціян, якія церпяць пераслед, каб змаглі цешыцца сапраўднай вольнасцю і спакоем, якую дае Езус.
  • За памерлых, якія пры жыцці збіралі скарбы перад Богам, каб атрымалі Божую ўзнагароду ў Нябесным Валадарстве.
  • За нас, сабраных на Эўхарыстыі, каб мы заўсёды прагнулі сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом.


Выслухай, Езу, нашыя просьбы і ўмацуй нашу веру. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

С. Марына Брылёнак

 
© 2003-2024 Catholic.by