Каментарый да літургіі
Тыдзень таму літургія нагадвала нам пра важнасць ісці шляхам запаведзяў, які з’яўляецца сапраўдным вызваленнем чалавека. Сёння ж Пан кажа нам, што першая і найбольшая з Яго запаведзяў – гэта запаведзь любові. І любові нават да ворагаў.
Хрысціянінам з’яўляецца той, хто здольны любіць нават непрыяцеляў. Ахвяра Хрыста, якую мы прыйшлі скласці, дае нам гэтую незразумелую для свету моц: любоў да непрыяцеляў.
Перапросім Пана Бога за недахоп любові, за занядбанні ў рэалізацыі фундаментальнай запаведзі хрысціян.
Каментарый да літургіі слова
Евангелле, прызначанае на сённяшнюю нядзелю, акцэнтуе значэнне і каштоўнасць цноты любові, кажучы нам адначасова і пра тое, як сябе паводзіць, каб гэта спрыяла ўзрастанню любові ў жыцці вызнаўца Хрыста. Першае, што можна вынесці з гэтага Евангелля: вызнаўца Хрыста не можа адплачваць злом за зло. Гэта асноўны прынцып і запаведзь нашай рэлігіі.
Важна і тое, што хрысціянская рэлігія – гэта рэлігія прабачэння. Хто любіць, той не толькі не адплачвае злом за зло, не толькі спакойна зносіць учыненыя яму крыўды, але і гатовы адарыць крыўдзіцеля дабрынёй свайго сэрца – да гэтага нас заахвочвае Езус.
Малітва вернікаў
Любоў – гэта адзіная рэалізацыя сапраўднай веры. Таму молімся, просячы Бога, каб выслухаў нас, сабраных на гэтай Эўхарыстыі, якая аб’яўляе любоў, абяцае яе і яе нам удзяляе.
1. Молімся за Касцёл, каб абвяшчаў запаведзь любові і паказваў прабачаючую любоў Бога. 2. Молімся за нашых непрыяцеляў і тых, хто пераследуе Касцёл, каб яны знайшлі дабро і ўбачылі ў жыцці хрысціян, што Бог прабачае. 3. Молімся аб міры, згодзе і спыненні крывавай барацьбы ва Украіне, каб усе ў сваіх штодзённых справах і рашэнняў кіраваліся любоўю да бліжняга. 4. Молімся за нашых блізкіх памерлых, асабліва за тых, хто загінуў у сутычках ва Украіне, каб знайшлі ў Бога прабачэнне і з любоўю былі прыняты да супольнасці збаўленых. 5. Молімся за нас саміх, каб мы ўмелі любіць і прабачаць, як Айцец прабачае нам нашы правіны і любіць нас, грэшнікаў.
Божа, які ў Езусе Хрысце аб’явіў свету любоў да непрыяцеляў, выслухай нас і ўчыні, каб мы любілі людзей і прабачалі нашым вінаватым. Праз Хрыста, Пана нашага.
Кс. Юрый Марціновіч
|