Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на VIII Звычайную нядзелю, Год А (2 сакавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
28.02.2014 13:27

Каментарый да літургіі

“Пан ёсць тым, хто судзіць мяне”

У жыцці чалавека цяжка бывае абмінуць асуджэнне, ці то сябе самога, ці другой асобы, таксама асуджаюць і нас. Напэўна, гэта з’яўляецца выпрабаваннем, каб стрымліваць у сабе такія парывы. Пра гэта кажа апостал Павел: “Пан ёсць тым, хто судзіць мяне”, гэтым выразам падкрэсліваючы, што ніхто не мае права судзіць іншага, як толькі Бог, але акрамя іншага чалавека, нават і сябе судзіць не варта: “…я і сам сябе не суджу”, бо гэта таксама Божая справа.

Каментарый да літургіі слова

“Хопіць кожнаму дню свайго клопату”

Кожны дзень - гэта непаўторны падарунак ад Бога. Сапраўды непаўторны, бо ніколі такога дня не было і ніколі не будзе болей. Аднолькавыя справы ў розныя дні могуць прынесці зусім розныя плёны для душы, у залежнасці ад таго, як мы іх будзем пражываць. Можам асэнсоўваць рэчаіснасць праз акуляры, дадзеныя Богам, – Божае слова, малітву, сакрамэнты, а можам ісці праз жыццё, не заўважаючы нічога і нікога вакол сябе, будуючы мары пра добрыя дні ў будучыні. Але варта памятаць тады, што ніхто не ведае, колькі дзён засталося пражыць яму.

Малітва вернікаў

Адданымі сэрцамі просім Айца Нябеснага:

  • Падтрымай нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб мудра і аддана служылі людзям словам і прыкладам.
  • Дадай розуму і разважлівасці ўсім кіраўнікам дзяржаў, каб каштоўнасці чалавечага жыцця і яго годнасці ставілі над усім астатнім.  
  • Падтрымай хрысціянаў, які пераследваюцца і вымушаны жыць у страху, няхай заўсёды адчуваюць Божую прысутнасць у сваім жыцці.
  • Просім аб падтрымцы для краін, якія знаходзяцца ў цяжкім грамадзянскім становішчы, аб Тваёй волі для іх.
  • Дадай веры, надзеі хворым і церпячым, каб мужна неслі свой крыж і адчувалі Божую любоў праз людзей добрай волі.
  • Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
  • Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб мы маглі разважліва пражываць кожны дзень свайго жыцця.


Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs

 
© 2003-2024 Catholic.by