Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на II нядзелю Вялікага посту (16 сакавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
12.03.2014 13:22

Каментарый да літургіі

Бог заклікае людзей, каб перамяніць іх і адарыць хвалой. Сённяшняя  другая нядзеля Вялікага посту падрыхтоўвае нашыя сэрцы да перажывання таямніцы Уваскрасення Хрыста, які паклікаў нас да супольнасці Касцёла,  каб змяніць нашае жыццё сваёй ласкай і каб ужо тут, на зямлі, заяснела Яго хвала.

Просім прабачэння ў Бога за нашыя грахі, каб нашыя сэрцы асвятляла   ласка, а  гэтая ахвяра ўмацавала нас у вернасці хрысціянскаму пакліканню.

Каментарый да літургіі слова  


Бог паклікаў Абрагама, які, паслухаўшыся Бога,  пакінуў сваю краіну. Стаў айцом усіх народаў, таму што даверыўся Богу. Ён звяртаецца да  людзей, каб даць ім збаўленне і  святло праўды.

Хрыстус праз сваё перамяненне аб’явіў вучням сваю хвалу, умацаваў іх веру ў час свайго прыніжэння, каб яны не саступілі. Нам трэба ад апосталаў і Абрагама вучыцца быць людзьмі веры і даверу да Хрыста.

Малітва вернікаў


Сабраныя на Эўхарыстыі, перамененыя святлом Хрыста, молімся Яму:

1. Каб Касцёл праз пакаянне і навяртанне прывёў  ўсіх людзей да неба.
2. Молімся за нашага Папу Францішка, за біскупаў і ўсё духавенства, каб, пакліканыя Панам, усведамляюцы сваю нікчэмнасць, як мага лепш сярод нас выконвалі сваё пастырскае служэнне.
3. Молімся за  хворых, адзінокіх і пакінутых, каб змаглі знайсці сэнс сваіх пакутаў у святле крыжа Хрыстовага.
4. Молімся за нашых памерлых братоў і сясцёр, каб Пан, які пераадолеў смерць, адпусціў ім грахі і дазволіў радавацца ў бляску Яго святла.
5. Молімся за нас, сабраных на святой Літургіі, каб па прыкладзе Абрагама мы даверылі Пану свой шлях і шлі па дарозе запаветаў.

Пане Езу, адары нас сёння сваёй ласкай і выслухай нашы просьбы, якія з верай Табе прадстаўляем. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.

Апрацавала с. Людміла Леўдаровіч MChR

 
© 2003-2024 Catholic.by