Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ІІІ нядзелю Вялікага посту (23 сакавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
21.03.2014 21:22

Каментарый да літургіі

“…Пане, Ты сапраўдны Збаўца свету,
дай мне жывой вады, каб нам не прагнуць...”


Распачынаецца трэці тыдзень Вялікага посту, які дадзены чалавеку для набліжэння да таямніцы збаўлення – Езуса Хрыста. Ён для кожнага хрысціяніна ёсць крыніцай жывой вады, крыніцай ачышчэння, да якой спачатку прыносяць нас бацькі і просяць Касцёл аб удзяленні сакрамэнту хросту. Потым прыходзім мы самі, атрымліваючы ачышчэнне ў святой споведзі. І на гэтым шляху Езус хоча заспакоіць нашае прагненне “звычайнай вады”, якой ёсць гэты свет, і прапанаваць “жывую ваду”, якая заспакоіць нашае сэрца.

Каментарый да літургіі слова


“…Дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць…”

Езус паабяцаў нам дары сваёй ласкі, калі размаўляў з самаранкай пра “жывую ваду”, якая будзе гасіць прагненні ўсіх, хто будзе піць яе. Прадвеснікам гэтага была таксама вада, якую даў Майсей выбранаму народу ў пустыні. Мы праз хрост атрымліваем усяго Бога, а Ён атрымлівае нас, як сваіх дзяцей. Дзякуючы Езусу Хрысту і Святому Духу гэта здзяйсняецца шмат гадоў – Жывая Вада цячэ ў сэрцы чалавечыя.

Малітва вернікаў


Усім сэрцам просім Бога Усемагутнага:

- Молімся за Святы Касцёл, каб узрастаў у супольнай любові.
- Падтрымай Папу Францішка, усіх біскупаў, святароў і дыяканаў, каб хапала сілаў і жадання на выкананне штодзённых паслуг верным.
- Дадай уладам усіх краін разважлівасці ў дзеяннях, каб усё рабілі для дабрабыту грамадзян.
- Даручаем Табе ўсіх церпячых і хворых, дадай ім вытрымкі і вернасці Табе.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
- Благаславі нас, прысутных ля Твайго алтара, каб мы як мага часцей чэрпалі “жывую ваду”, якой ёсць Езус Хрыстус.

Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs

 
© 2003-2024 Catholic.by