Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на Пальмовую нядзелю (13 красавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
07.04.2014 13:22

Каментарый да літургіі

Пальмовая нядзеля - гэта дзень радасці і ўрачыстага настрою. Галінкі, якія сёння прыносім у касцёл, азначаюць вясну і адначасова выражаюць нашае прагненне, каб уключыцца ў радаснае прывітанне Езуса Хрыста жыхарамі Ерузалема. Сённяшняя нядзеля таксама называецца Нядзеляй Мукі Пана і пачынае Вялікі тыдзень. Настрой радасці і хвалявання ператвараецца ў атмасферу павагі, а нават болю. Езус ведаў, што энтузіязм натоўпу, які Яго вітаў, будзе нядоўгім і ўжо праз некалькі дзён тыя самыя людзі будуць крычаць Пілату: “Укрыжуй!” Мы прыйшлі, каб прывітаць Пана, які прыходзіць, і трымаем у руках сімвал жыцця, якое прачынаецца. Не будзем забываць, што яно да нас прыйшло праз Муку Збаўцы. Будзем жа таксама з Ім у дні Яго самоты, мукі, смерці і Уваскрасення. Радасць наша будзе поўнай, калі вытрываем каля Езуса да канца.

Каментарый да літургіі слова


Езус прыйшоў, каб усё выправіць сваёй пакорай, паслухмянасцю і спагадлівасцю Богу Айцу, ажно да дабравольнага прыняцця смерці. Ад самога пачатку Ён убогі, слабы і ціхі. Трыумфальны ўезд сярод крыкаў “Гасанна!” нічога не змяняе. Ён сядзіць толькі на асляняці, не на кані ці ў калясніцы.

Езус - гэта церпячы слуга і Пан. Нічога Яму не пашкадавалі: здрада Юды, адрачэнне Пятра, фізічнае і духоўнае цярпенне перад рэлігійным і свецкім судам, знявагі, бічаванне, цярнёвая карона, крыжовы шлях, укрыжаванне і смерць у найвялікшай самоце.

Евангелле трэба чытаць і разважаць у святле першых двух чытанняў. Яны паказваюць Езуса, які з’яўляецца адначасова церпячым слугою і Панам, роўным Айцу. Езус прыйшоў споўніць тое, што было даўно пра Яго прадказана ў чатырох Песнях слугі Бога ў кнізе прарока Ісаі. Сённяшні фрагмент паказвае Хрыста як вучня, які слухае свайго настаўніка, паслухмянага свайму Айцу, як прарока, які спаўняе волю Бога. Нічога не баіцца, пераносіць пераслед, знявагі і прыніжэнне. Мука і смерць Езуса - гэта не згуба і знішчэнне, але шлях да хвалы Айца. У прыніжэнні і пакоры аб’яўляецца Яго любоў да Айца і да людзей. Таму Бог Яго ўзвысіў і праславіў, падарыў Яму Імя, якое пасуе самому Богу: Кірыос – Пан.

Клічам да Цябе, Езу: “Гасанна!” (Збаў нас!) Не дазволь, каб мы сваімі грахамі крычалі: “Укрыжуй!” Божа, адары мяне такімі пачуццямі, якія былі ў Езусе, каб я быў здольны ісці Яго шляхам.

Малітва вернікаў


Да Бога, Айца Міласэрнасці, які пажадаў, каб Езус, Сын Божы, знішчыў нашыя грахі, скіруем нашыя просьбы:

1. “Вось кароль, які прыходзіць да цябе”.
Няхай Касцёл Божы адважна і дзейсна абвяшчае Добрую Навіну аб збаўленні.

2. “Пан Бог адкрыў мне вуха”.
Няхай тыя, якія адвярнуліся ад Цябе, зразумеюць сваю памылку і скарыстаюць з ласкі навяртання і новага пачатку.

3. “Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне”.
Няхай хворыя і асобы з абмежаванымі магчымасцямі атрымаюць ад Цябе цудоўны дар умацавання, супакою і аздараўлення.

4. “Езус (...) ускрыкнуў моцным голасам і сканаў”.
Няхай тыя, якія адышлі да вечнасці, атрымаюць удзел у вечнай гасціне збаўленых.

5. “Сапраўды, гэта быў Сын Божы”.
Няхай усе, якія ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, плённа перажываюць час Вялікага тыдня і належным чынам падрыхтуюцца да велікодных святаў.

Пане Езу Хрыстэ, у Тваім Крыжы знаходзім сілу да штодзённага жыцця. Будзь праслаўлёны праз усе вякі вечныя. Амэн.

С. Мірыям Маршалэк ZSJM

 
© 2003-2024 Catholic.by