Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на II Велікодную нядзелю (27 красавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
26.04.2014 13:49

Каментарый да літургіі

Збірае нас тут вера ў Хрыста Уваскрослага. Аддаём Богу пашану за цуд Яго Уваскрасення, за дар Яго міласэрнасці і ламанне хлеба - знак адзінства ўсяго Касцёла. Хоць мы не бачым нашага Пана, але паводле веры мы сустракаемся з Ім, і Ён дае нам ласку прабачэння і супакою.

Перапросім Бога за слабасць нашай веры і за ўсё правіны, каб умацаваў нас. Няхай нашыя сэрцы будуць адкрытыя на прыняцце Божых дароў.

Каментарый да літургіі слова

Хрыстус пасля свайго ўваскрасення з'явіўся апосталам, адарыў іх супакоем і даў ім Святога Духа. Яны мелі ў якасці задання прывесці ўсіх людзей да веры і адзінства, а таксама прабачаць ад імя Хрыста. Гэтую місію добра выконвалі першыя хрысціяне, збіраючыся на ламанне хлеба, інакш Эўхарыстыю, і жылі ў адзінстве і любові. І сёння хрысціяне павінны праз веру сустракацца з Хрыстом, які прысутнічае ў Касцёле.

Малітва вернікаў


Трываючы ў супольнасці Касцёла і на Ламанні Хлеба, узнясём да Уваскрослага Хрыста нашы малітвы.

1. Пане Езу, просім Цябе, умацуй у імкненні да святасці свой Касцёл, каб нёс сучаснаму свету святло Евангелля.
2. Пане Езу, просім Цябе, адары патрэбнымі сіламі і здароўем Святога Айца  Францішка.
3. Пане Езу, просім Цябе, умацуй супакой ва ўсіх краінах свету і адары ім краіны, ахопленыя вайной.
4. Пане Езу, дзякуем Табе за дар кананізацыі Яна Паўла II і Яна XXIII, дапамажы нам  жыць так, як яны нас вучылі.   
5. Пане Езу, просім Цябе, дазволь нашым блізкім памерлым цешыцца вечнай радасцю ў небе.
6. Пане Езу, просім Цябе, адары праз моц сакрамэнтаў нашае жыццё супакоем і адзінствам.

Пане, Ты праз Уваскрасенне прынёс людзям мір і прабачэнне; умацуй нашу веру, занясі нашыя малітвы да Айца Нябеснага. Які жыве і валадарыць на векі вечныя.

С. Людміла Леўдаровіч MChR

Адноўлена 26.04.2014 13:49
 
© 2003-2024 Catholic.by