Каментарый да літургіі
Велікодны перыяд, які цяпер маем, - гэта асаблівы час святкавання перамогі Езуса Хрыста над смерцю. Час святкавання перамогі Езуса над грахом, злом і д’яблам, а таксама час чакання прыйсця новага Суцяшыцеля, Духа Святога, які сваімі дарамі аднаўляе супольнасць Касцёла. Дух Святы робіць нас здольнымі да сведчання аб Езусе Хрысце Уваскрослым перад сучасным светам.
Няхай гэтая сустрэча з Уваскрослым Езусам у час Яго Пасхальнай Ахвяры будзе для нас, якія сведчаць аб Яго любові ў сённяшнім свеце, умацаваннем і падтрымкай. Няхай Яго слова, Цела і Кроў, якія прымаем у час гэтай Ахвяры, пераменяць нашую чалавечую любоў да Бога і братоў у любоў, якую дорыць Дух Святы.
Каментарый да літургіі слова
Любоў нашага Пана да вучняў здзіўляе Яго вялікім клопатам пра іх. Яго словы нясуць суцяшэнне і ўпэўненасць, што іх пакінутыя сэрцы напоўніць Суцяшыцель, Дух Святы.
Часам здаецца, што Бог нас не слухае, што Ён дзесьці далёка, заняты важнымі справамі. Чалавек моліцца, ходзіць у касцёл - і нічога! Такое мысленне можа прывясці да заламання ў веры. У такім мысленні выяўляецца несапраўдны вобраз Бога, які не прысутны, якога не цікавяць справы чалавека, тое, што ён адчувае і аб чым моліцца.
Езус запэўнівае нас сёння ў Евангеллі, што не пакіне нас сіротамі, гэта значыць не давядзе да сітуацыі, у якой будзем самотныя і без апекі.
Вучні пасля Унебаўшэсця свайго Настаўніка маглі адчуваць сябе самотнымі, пакінутымі самім сабе, можа, нават крыху расчараванымі. Як яны павінны ісці і навучаць усе народы, як хрысціць? Ці маюць яны адпаведную падрыхтоўку? Яны самі да канца не разумеюць навукі, якую пакінуў ім Настаўнік. Езус запэўнівае іх, што спашле ім Суцяшыцеля, і Ён дазволіць ім дзейнічаць.
Дух Суцяшыцель, Дух праўды пакажа ўсю праўду аб Хрысце і дазволіць зразумець Яго навуку і Яго пасланне людзям.
У канцы гэта Дух Святы павядзе вучняў у свет, каб прапаведваць усім людзям Добрую Навіну.
Якую ролю ў маім жыцці мае асоба Духа Суцяшыцеля? Ці прашу Духа Святога аб святле ў маіх рашэннях і выбары?
Малітва вернікаў
Езусу Хрысту, які моцай свайго Уваскрасення перамяняе і ўзбагачае наша жыццё, даверым патрэбы ўсіх людзей.
1. Молімся за Касцёл, каб з верай і пакорай служыў справе збаўлення свету і чалавека. 2. Молімся за духоўна і фізічна церпячых, каб з’ядналі свае цярпенні са збаўчым цярпеннем Хрыста. 3. Молімся за тых, якія ў гэтым годзе прымуць дыяканскія і прэзбітэрскія пасвячэнні, каб не толькі словам, але ўсім сваім жыццём сведчылі аб Хрысце. 4. Молімся за памерлых, каб Міласэрны Бог злітаваўся над імі і прыняў да свайго Валадарства святла і спакою. 5. Молімся за нас саміх, каб у нашым жыцці было штораз больш праслаўлення Бога, які перамагае смерць і праз гэта дае ўсім жыццё.
Пане Езу Хрыстэ, Пераможца смерці, выслухай малітвы Твайго Касцёла і ўчыні, каб збаўленне, якое Ты здзейсніў, было абвешчана ўсім людзям праз усе вякі вечныя. Амэн.
С. Мірыям Маршалэк ZSJM
|