Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (15 чэрвеня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
13.06.2014 13:59

Каментарый да літургіі

“…Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі...”

Сёння ўвесь Касцёл святкуе ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы – Айца, Сына і Святога Духа. Але Бог, у трох постацях, застаецца для нас таямніцай. Колькі разоў мы спрабуем зразумець Пана у Святой Тройцы, столькі мусім прызнацца, што гэтая праўда перавышае магчымасці разумення чалавека. Еднасць Бога можа заахвочваць і нас таксама, каб мы стараліся станавіцца адзіным Касцёлам, хоць з’яўляемся асобнымі яго часткамі.

Каментарый да літургіі слова

“І прайшоў Пан перад ім і ўсклікнуў: “Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы…”


Бог аб’явіўся Майсею такім, якім Ён ёсць – міласэрным, літасцівым, доўгацярплівым, шматміласцівым і праўдзівым. Гэта Ён вёў свой народ да Абяцанай зямлі, хоць той меў сумневы і нараканні да Бога. У Езусе Хрысце ж яшчэ больш адарыў людзей сапраўднай Любоўю, якой мам з’яўляецца, і вучыць нас гэтаму ў сваім Слове, каб мы навучыліся распазнаваць дзеянне Бога ў сваім жыцці, а таксама дзякаваць Адзінаму Богу ў трох постацях: Айцу, Сыну і Святому Духу.

Малітва вернікаў

Да Бога Усемагутнага, Адзінага ў Святой Тройцы, звернем нашыя малітвы:

- Адары нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету мудрасцю і разважлівасцю ў іх пастырскім служэнні.
- Дадай уладам усіх краін адказнасці ў дзеяннях, каб усё рабілі для дабрабыту і спакою грамадзян.
- Адары ўсе краіны, у якіх адбываюцца ваенныя сутычкі, любоўю і прабачэннем, каб мелі ў сабе сілы і разважлівасць да ўстанаўлення адносінаў мірным шляхам.
- Даручаем Табе ўсіх церпячых і хворых, дадай ім вытрымкі і вернасці Табе.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
- Благаславі нас, прысутных ля Твайго алтара, каб вучыліся быць еднымі адзін з адным, ствараючы Святы Касцёл.

Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs

 
© 2003-2024 Catholic.by