Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XIX Звычайную нядзелю, Год А (10 жніўня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
07.08.2014 11:12

Каментарый да літургіі

Мы прыйшлі на нядзельную Эўхарыстыю, каб сустрэцца з Богам праз паўторную ахвяру Езуса Хрыста. Сярод бур і трывог сучаснага жыцця нам патрэбна хвіліна цішыні, малітвы і разважанняў. Хай гэтая святая Імша будзе для нас як подых веры і сустрэча з добрым Богам.

Свет, у якім мы жывём, ажыўлены і шумны. Але Бог кажа ў цішыні сэрца. Таму давайце ў хвіліну маўчання ўсвядомім, што мы грэшнікі, каб пачуць голас Бога.

Каментарый да літургіі слова


Хрыстус, які ідзе па возеры, паказвае нам, што Ён – Бог Усемагутны і Пан усяго жывога. Пётр, які ідзе па вадзе, - гэта чалавек, які, гледзячы на Хрыста, можа пераадолець небяспеку зла і граху, але калі ён пачынае верыць толькі ва ўласныя сілы, тоне ў гушчы жыцця. Цішыня і малітоўнае разважанне абараняе нас ад трывог і дазваляе сустрэцца з Богам, як Ілля, які ідзе Яму насустрач у ціхім подыху ветру. Нам таксама Бог дае сваю ласку, але мы можам яе згубіць, калі заглушым голас Бога.

Малітва вернікаў

Сабраныя Езусам Хрыстом і слухаючы слова Божае, молімся за людзей у розных патрэбах.

1. Молімся за Касцёл Святы, каб у сучасным свеце быў месцам сустрэчы Бога з чалавекам. Цябе просім...
2. Молімся за пастыраў Касцёла, каб нястомна прапаведвалі Добрую Навіну і вялі чалавека да збаўлення. Цябе просім...
3. Молімся аб добрым надвор’і для людзей, якія працуюць на зборы ўраджая. Цябе просім...
4. Молімся за маладых людзей, каб у цішыні і малітве шукалі голас Бога і за Ім ішлі. Цябе просім...
5. Молімся за памерлых, каб цешыліся радасцю жыцця вечнага ў Валадарстве Нябесным. Цябе просім...
6. Молімся за нас, прысутных на гэтай святой Імшы, каб дары, якія дае нам Бог, мы не змарнавалі, але каб яны набліжалі нас да Яго. Цябе просім...

Пане, наш Божа, які прысутнічаеш сярод нас у сваёй любові і падтрымліваеш нас у існаванні, выслухай нашыя малітвы і  дапамажы ўсім тым, хто чакае Тваёй ласкі. Праз Хрыста, Пана нашага.

С. Людміла Леўдаровіч MChR

 
© 2003-2024 Catholic.by