Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на свята Узвышэння Святога Крыжа (14 верасня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
11.09.2014 23:01

Каментарый да літургіі

“Кланяемся Табе, Хрыстэ, і благаслаўляем Цябе:
бо праз крыж свой Ты свет адкупіў…”


Праслаўляем сёння асаблівым чынам Святы Крыж – знак Езуса Хрыста і Яго ўчынку для ўсяго чалавецтва. Сёння крыж - гэта знак нашай веры, які яднае нас з таямніцай смерці і ўваскрасення. Гэта і знак надзеі, а таксама перамогі Святла над цемрай. Давайце ж сёння падчас святой Імшы асаблівым чынам паразважаем і падзякуем Богу за таямніцу крыжа, праз якую Ён умацаваў нас.

Каментарый да літургіі слова


“Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае”

Сёння адзначаем свята Узвышэння Святога Крыжа, і Божае слова дакладна нам прыгадвае, што праз пакору і згоду Божага Сына на смерць чалавек быў падняты з грахоў. А крыж, які быў ганебным, стаў праслаўленым і кожнаму хрысціяніну нагадвае, што ён адкуплены і збаўлены праз кроў Езуса Хрыста: “Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго”.

Малітва вернікаў


Адданымі сэрцамі просім Айца нашага Нябеснага:

-  Падтрымай нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб мудра і аддана служылі Божаму люду.
-  Падтрымай хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу і вымушаны жыць у страху, няхай заўсёды адчуваюць Божую прысутнасць у сваім жыцці.
- Просім аб падтрымцы для краін, якія знаходзяцца ў цяжкім грамадзянскім становішчы, аб Тваёй волі для іх.
- Дадай веры, надзеі хворым і церпячым, каб мужна неслі свой крыж і адчувалі Божую любоў праз людзей добрай волі.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
- Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб мы маглі шчыра дзякаваць Табе за збаўленне.

Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs

 
© 2003-2024 Catholic.by