Каментарый да літургіі
Касцёл, выконваючы Божую волю, заклікае да навяртання і напаўнення надзеяй на тое, што Бог клапоціцца аб людзях, любіць кожнага, усіх жадае адарыць збаўленнем. Праз ахвяру Хрыста да нас набліжаецца збаўленне, яно становіцца нашым удзелам. Няхай жа наш удзел у нядзельнай Эўхарыстыі будзе выразам нашага чакання і поўным веры выкананнем волі Бога, каб атрымаць прабачэнне, надзею і абяцанне збаўлення.
Спынімся над нашымі паводзінамі, перапросім за зло нашых грахоў, каб у пакоры чакаць прабачэння. Каб праз пакору ў адносінах да Бога дасягнуць поўнай перамогі, якая ёсць дарам уваскрослага Пана.
Каментарый да літургіі слова
Прыналежнасць да Божага Валадарства засноўваецца не на вусным дэклараванні, а на веры і поўным добрай волі даверы Хрысту. Пыхлівыя фарысеі не прынялі навукі Хрыста, а прынялі яе пакорныя мытнікі і грэшнікі. Бог заўсёды чакае навяртання і адорвае жыццём тых, хто, прызнаючы сваю віну, знаходзіць да Яго шлях, як вучыць прарок Эзэхіэль. Шлях пакоры, які вядзе да перамогі, указаў нам Хрыстус – знішчаны і ўваскрослы.
Малітва вернікаў
Молімся ў пакоры Богу, які прагне збаўлення ўсіх людзей, які заўсёды чакае навяртання. 1. Няхай Касцёл абуджае надзею на прабачэнне сярод сваіх дзяцей. — Пачуй нас, Пане, і адары збаўленнем. 2. Няхай Хрыстус сваёй пакорай умацоўвае тых, хто адрокся ад усяго, каб служыць Богу і людзям. 3. Няхай супакой Хрыста напаўняе свет і чалавечыя сэрцы. 4. Няхай бедныя і няшчасныя знойдуць дапамогу ў Бога і сваіх бліжніх. 5. Няхай нашы памерлыя ўвойдуць у Валадарства нябёсаў. 6. Няхай грэшнікі ў сакрамэнце пакаяння знойдуць вялікую любоў Бога і сапраўдную радасць. 7. Няхай наша прысутнасць на святой Імшы будзе заўсёды знакам веры, добрай волі і навяртання.
Ты, які заклікаеш да навяртання, умацоўваеш слабых, напаўняеш весялосцю, выслухай нашу малітву, каб, верна выконваючы Тваю волю, мы заслужылі ўваходу ў Валадарства нябёсаў. Праз Хрыста, Пана нашага. (JM)
|